Дом на западе страны

“Што вы ведаеце пра Крынкі?” – з такім пытаннем звярталася апошнім часам амаль да кожнага знаёмага і незнаёмага чалавека. Адны – паціскалі плячамі, другія – мармыталі нешта пра посуд. І толькі некаторыя з іх (а менавіта з тых, хто жыве побач) сказалі тое, што хацела пачуць: самая заходняя вёска Рэспублікі Беларусь. І яна знаходзіцца ў нашым раёне, у Воўчынскім сельсавеце. Ад старшыні сельскага Савета атрымала і адказы на пытанні, якія цікавілі не адзін дзень.
У вёсцы зарэгістравана ўсяго 8 чалавек, некаторыя з іх – дачнікі, якія прыязджаюць сюды на “рабочы” сезон, на некалькі дзён. У Крынках толькі 4 дамы, у якіх жывуць людзі. У тым, што размешчаны найбліжэй да заходняй мяжы, ужо амаль 50 гадоў (у лістападзе адзначаць залатое вяселле) гаспадараць Іван і Аляксандра Клімукі. На сцяне іх сямейнага гняздзечка вісіць памятны знак аб тым, што дом самы заходні…
Гісторыя гэтай вёсачкі цікавіла мяне даўно, але ўсё ніяк не атрымлівалася яе наведаць. І вось нарэшце выпала магчымасць трапіць у самы заходні куток краіны. Гравійка з жоўтага пяску прывяла да акуратнай вёскі з некалькімі хаткамі і гладзенькім асфальтам (больш за ўсё здзівіў гэты факт). Адразу знайшлі патрэбны дом па шыльдзе, пра якую нам ужо паведамілі. У чыстым двары хадзілі куры, у будцы сядзеў сабака, а ў клетках – трусы. На парозе ўжо сустракалі гаспадары (мабыць, убачылі гасцей праз вокны) – муж і жонка, якія вельмі падобныя на твар, як родныя брат з сястрой. Мы паведамілі, хто такія і адкуль. А яны, у сваю чаргу, што “про нас вжэ пысалы” (гэта яны пра газету “Рэспубліка”). Але калі даведаліся, што хочам пачуць пра гісторыю вёскі, то пачалі расказваць тое, што памятаюць са сваёй далёкай маладосці.
Адзін з самых трагічных момантаў у жыцці звязаны менавіта з мяжой. Некалі родная вёска Івана Фёдаравіча, якую зараз называюць старымі Крынкамі, знаходзілася ў некалькіх сотнях метраў ад Буга. У 1939 годзе па ім прайшла мяжа СССР, і савецкая ўлада адсяліла людзей ад ракі. Многія пераязджалі разам з дамамі, пакідаючы сваю зямлю, агароды, сады. Калі ў 1941-м прыйшлі немцы, сяляне перацягнулі сваё жыллё назад да Буга і пражылі там усю вайну. Пасля жыхарам зноў прыйшлося адступаць ад мяжы – людзям па тры разы прыходзілася з’язджаць з абжытых месцаў…
Якімі Крынкі былі раней? Аляксандра Іванаўна мерае велічыню вёскі ў каровах: некалі іх было тут шаснаццаць. Радзець насельніцтва, па словах Клімукоў, пачало ўжо даўно. Старэйшае пакаленне памерла, сярэдняе падалося ў Брэст. Але ёсць дачнікі, якія калі-некалі ды і прыедуць. Адзін з дачнікаў – родны брат Івана Фёдаравіча – часта завітвае ў бацькоўскую хату… А самі гаспадары таксама садзяць агарод, на астатняе, як прызналіся, не хапае ўжо сіл і здароўя… А летам усё ж такі крыху весялей жыць, бо адразу за вёскай пачынаецца лес, у якім шмат ягад і грыбоў. Таму цэлы дзень то туды, то сюды ідуць або едуць аматары ціхага палявання…
А яшчэ прыгадалі Клімукі, што быў у вёсцы некалі клуб, але яго перавезлі ў Вялічкавічы. На гэтым і скончылася культурнае жыццё вяскоўцаў, як і ўспаміны амаль што апошніх жыхароў вёскі на самым захадзе краіны…
Прыйшлося па гісторыю звяртацца да пісьмовых крыніц у цэнтральнай бібліятэцы. Вось што знайшла ў энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі”: “Крынкі – вёска ў Воўчынскім сельскім Савеце, на правым беразе р. Заходні Буг, за 59 км на паўднёвы захад ад Каменца, 51 км ад Брэста, 20 км ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск. 5 гаспадарак, 6 жыхароў (2005). У 2-й палове 19 стагоддзя сяло Крынкі ў Воўчынскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. У 1857 годзе адносілася да маёнтка Ставы, 107 рэвізскіх душ, уласнасць графіні Красінскай. У 1885 годзе ў сяле 15 двароў, 120 жыхароў, царква, школа. Паводле перапісу 1897 года ў сяле 21 двор, 139 жыхароў, праваслаўная царква, народнае вучылішча. Побач знаходзіліся аднайменны дзяржаўны маёнтак, 2 двары, 5 жыхароў, і сядзіба царкоўнага прычту, 2 двары, 13 жыхароў. На 1905 год у сяле 188 жыхароў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы. У 1940 годзе – 196 жыхароў, кааператыўная крама. З 12 кастрычніка 1940 года вёска ў Навасёлкаўскім сельсавеце Высокаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну загінулі тры жыхары вёскі. У час пасляваеннай калектывізацыі ў вёсцы арганізаваны калгас “Чырвоны араты”. З 12 студзеня 1952 года ў складзе калгаса “Усход”. З 1954-га – у Воўчынскім сельсавеце. У 1960 годзе – 81 жыхар, у 1970-м – 58. Зараз уваходзіць у склад адкрытага акцыянернага таварыства ”Усход-Каменец“.
А ў кнізе “Памяць” напісана: “… Насупраць вёскі Крынкі, дзе раней была паромная пераправа праз Заходні Буг, немцы сканцэнтравалі пантоны…” А гэта значыць, што некалі, яшчэ да вайны, тут сапраўды кіпела жыццё. У гэтай жа кнізе чытаю: “За тры кіламетры на паўночны захад ад в.Крынкі знаходзіцца помнік пагранічнікам. У гонар подзвігу пагранічніка У.І.Чугрэева, які разам з І.Р.Сяргеевым уступіў 22.06.1941 года ў няроўны бой супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, знішчылі больш за 30 гітлераўцаў. У.І.Чугрэеў загінуў, а пагранічнік І.Р.Сяргееў, якога доўгі час лічылі загінуўшым, цудам застаўся жывым. У 1964 годзе на месцы гэтага бою пастаўлены абеліск”…
А наш мясцовы краязнаўца Георгій Мусевіч паведаміў вось што (дарэчы, ад яго даведалася больш, чым у бібліятэцы): “Архіўныя дакументы не даюць канкрэтнага адказу, калі ўзнікла сяло Крынкі. Так, “Пшычынкі до дзеюв повяту Бжэскего” прыводзяць ускосны дзень нараджэння – 1775 год. Кліравыя ведамасці 3-й благачыннай акругі ўпамінаюць Крынкі пад 1668 годам. Аднак гэта сяло ўсё ж такі яшчэ старэйшае, бо Паніква і Навасёлкі, якія знаходзяцца побач, упершыню ўпамінаюцца адпаведна ў 1533 і 1561 гг… Першапачаткова ў Крынках была ўзведзена драўляная Свята-Мікалаеўская царква ў 1668 годзе. У прыход уваходзілі Навасёлкі і Паніква, у міжваенны перыяд да іх далучыліся Кастары і Вялічкавічы. Хоць мы ведаем дату ўзвядзення Крынкаўскай царквы, але з упэўненасцю можам гаварыць, што ёй папярэднічала больш ранняя. Гэты прыход адносіўся да Воўчына як да цэнтра графства, у якім былі Солтаны (15-16 стагоддзі), Гасеўскія, Слушкі, Сапегі, Флемінгі, Панятоўскія, Чартарыскія (17-18 стагоддзі). У 1767 годзе князь Адам Чартарыскі ўзвёў новы будынак царквы на месцы старой, якая струхнела. У 1910 годзе тут быў зроблены рамонт… З 1862 года гаспадыняй тут была Эльжбета Красінская… У 60-х гадах 20 стагоддзя пачалося багаборніцтва. Сталі зачыняць, ламаць цэрквы. У выніку – Крынкаўскую царкву разбурылі. Зараз аб ёй нагадваюць толькі рэшткі фундамента…”
Гэта ўсё, што даведалася пра вёску Крынкі. А вось гісторыю назвы ніхто не паведаміў. Але здаецца мне, што прашчуры Івана Фёдаравіча займаліся вырабам глінянага посуду для захоўвання і падачы малака на стол – крынак (кринки). Праўда, гэта толькі асабістае меркаванне. А можа, так было і на самой справе, хто ведае?..

Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий