«Дом милосердия» просит помощи

Аддзяленне сястрынскага догляду на 12 ложкаў у Высокаўскай гарадской бальніцы адкрылася ў верасні 2009 года ў будынку былога інфекцыйнага аддзялення. З той пары там часовы прытулак знайшлі дзясяткі састарэлых жыхароў раёна, у асноўным, адзінокія. Тэрміны знаходжання на “сястрынскіх” ложках абмежаваныя.. Затым вырашаецца лёс кожнага: ці вярнуцца ў свой дом (звычайна, на летні перыяд), ці да родных, сваякоў. А восем чалавек за апошнія гады ўжо накіравалі ў дамы-інтэрнаты для састарэлых (на Брэстчыне гэта: “Ляснянскі” паблізу Баранавічаў і “Дамачава”, каля 40 км ад Брэста, і іншыя, псіханеўралагічнага профілю).
Як патлумачыла намеснік галоўнага ўрача райбальніцы па медэкспертызе і рэабілітацыі Алена Юшкевіч, каб атрымаць накіраванне ў аддзяленне сястрынскага догляду, трэба звяртацца да ўчастковага тэрапеўта ці да яе ў паліклініку (кабінет №22), таксама меркаванні па накіраванні дае цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Найбольшы попыт на сястрынскія ложкі – зімой, тады, здараецца, месцаў не хапае. Самая вялікая чарга (16 чалавек) была ў 2010 годзе. Цяпер чаргі няма, летам звычайна ёсць свабодныя месцы. Тэрміны знаходжання на ложках сястрынскага догляду: адзінокіх – да шасці месяцаў, адзінока пражываючых (у каго ёсць дзеці, але разам не жывуць) – да трох. Дакументы для накіравання ў дамы састарэлых прымае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, прычым, толькі са згоды састарэлага.
…Мураваны будынак, дзе размешчана сястрынскае аддзяленне ў Высокім, стаіць асабняком ад бальніцы. Тут ёсць невялікі дворык, куды старэнькія могуць выйсці на прагулку, як бы пабыць на ўлонні прыроды. Да ўважлівага догляду хутка прывыкаюць, знаёмяцца паміж сабой, сябруюць… Мне расказалі, што адзін дзядуля, у якога свая хата развалілася, дамовіўся на лета перасяліцца ў вясковы дом адной з бабуль, якая тут зімавала. Гэта – шчаслівы выпадак. Але бывае і горш – адзінокім няма куды падзецца, а сілы пакінулі… Калі сваякоў не знайшлі, адзінае выйсце – інтэрнат. О, гэта бяда – і плач, і просьбы: пакіньце мяне тут, даражэнькія… Як жа, прывыклі, як да новай сям’і. У рэшце рэшт, старыя, як і малыя, інтэрнатаў апасаюцца. Чаму, можна толькі здагадвацца.
– Штаты ў нас сціплыя, – расказала галоўная медсястра Высокаўскай гарбальніцы Галіна Пашкевіч. – Тут чацвёра медсясцёр, трое – самі пенсіянеркі: Соф’я Сачкова, Соф’я Біткалюк, Раіса Матыцына, а Наталля Буровіна значна маладзейшая; санітаркі Ларыса Юшкевіч, Наталля Кандрацюк, Тамара Усцьянцава і Нэлі Літвінчук; асобны “фронт работ” у сястры-гаспадыні Ларысы Гайдуковіч. Аб кожным з работнікаў – толькі станоўчыя водгукі…
Спецыфіка работы “сястрынства” такая, што, на мой погляд, не кожны медык сярэдняга звяна тут зможа працаваць – гэта ж не толькі трэба сачыць за станам здароўя пацыентаў, а пастаянна іх даглядаць – накарміць, памыць, пераапрануць… А ёсць жа і ляжачыя. За сціплую зарплату нямнога ахвотнікаў станавіцца нянькай для нямоглых людзей. Тут, акрамя ўсяго, патрэбна мець цярпенне і быць міласэрным да другіх.
… Знаёмлюся з “пастаяльцамі” гэтага дома.
– У мяне тры сыны, – гаворыць адна бабулька. – Не верыла, што пакіну родную хату. Але сын сказаў: “Апранайся, як на свята, па цябе прыедуць…” Цяпер прывыкла тут, чужыя людзі сталі, як свае…
Бабулька з Кашчэнікаў 15 гадоў жыла сама, у яе, на жаль, – ніякіх сваякоў. У маі ўсё ж збіраецца вярнуцца ў родную хату. Як і бабуля з Палінаўкі – зімой насіць дровы няма сіл, ды і печы старыя, таму і перабіраецца ва ўтульны бальнічны дом. У яе ёсць брат, 1930 года нараджэння, яму самому патрэбны догляд, ёсць яшчэ пляменніца… З мужчынамі персанальна не знаёміўся – усе шасцёра трымаюцца бадзёра, яны ўвесь час глядзелі нейкае кіно па тэлевізары.
У сястрынскім аддзяленні не без праблем. Прыкра бачыць старэнькую мэблю, варта было б і жалезныя ложкі савецкага ўзору замяніць… Адзіная ванна – высачэзная, ды кароткая (паўтара метра) – паспрабуй туды на руках занесці старога ды слабага…
– Нам бы душавыя, – рэзонна мяркуюць работнікі аддзялення. – Усадзіў пацыента на табурэтку, ды абмывай…
Нязручнасці – не перашкода для персаналу: і за чысцінёй сочаць, і гігіене навучылі падапечных. Сюды рэгулярна наведваюцца і цырульнік, і святар… Адзін раз на тыдзень старэнькіх аглядае ўрач-тэрапеўт Вольга Каробка. Трэба падлячыць – накіроўвае ў іншыя аддзяленні бальніцы.

* * *
Памятаеце фільм пра Штырліца, які найбольш любіў дзяцей і старых? Наша дзяржава шмат увагі надае дзецям. А праз прэзідэнцкі Дэкрэт №18 прымусілі і нядбайных бацькоў расплачвацца за выхаванне дзяцей у дзяржаўных установах. Гэта справядліва, бо, згодна з Канстытуцыяй краіны (артыкул 32), “бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні”. Але ў гэтым жа артыкуле крыху ніжэй згадваецца і пра абавязкі дарослых дзяцей: “Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу”. Дзяржава клапоціцца пра састарэлых, а іх дзеці – не заўжды. Мяркую, няма эфектыўнага механізма рэалізацыі названага вышэй канстытуцыйнага палажэння.
Між тым, асуджаць, як бы мовіць, нядбайных дзяцей не заўжды справядліва. У Высокім мне расказалі розныя гісторыі пра лёс састарэлых. Мяркуйце самі: дачка адной з бабулек жыве ў Брэсце з двума малымі дзецьмі без мужа, трэба зарабляць на жыццё; сын у Германіі, якія ў яго праблемы, невядома. У другой бабулі адзіная дачка (другіх дзяцей няма) жыве ў інтэрнаце з двума малымі дзецьмі, цяжарная на трэцяе. А дачка аднаго з былых “пастаяльцаў” сястрынскага аддзялення, калі яе адшукалі, са здзіўленнем мовіла: “Дык ён жа з мамай амаль не жыў, я яго і не памятаю, усё жыццё гуляў, шукаў уцех для сябе…Успомніў пра дачку, як састарыўся”. Але бывае і такое: дачка-камерсантка абодвум сынам дапамагла набыць і кватэры, і легкавушкі, а састарэлую маці прывезла сюды. Хутка тэрмін знаходжання скончыцца, ці забярэ? У родную вёску бабульку адпраўляць рызыкоўна – можа пайсці куды вочы глядзяць. Такое ўжо з адной здаралася – дагналі на аўтамабілі на адной з вуліц Высокага: кажа, не трымайце мяне, мая хата тут за вуглом, трэба карову падаіць, авечак загнаць… А дом той бабулі – у вёсцы за кіламетраў 40 ад Высокага. Старасць не радасць…
Знаёмства з “сястрынствам” пабуджае да роздуму. Не ўсё так адназначна. І ўсё ж канстытуцыйны абавязак дарослых дзяцей клапаціцца пра сваіх састарэлых бацькоў неяк павінен акрэсліцца ў заканадаўстве. Хоць у кожным канкрэтным выпадку – свой падыход. Адно бясспрэчна: чалавек мае права на дапамогу ў старасці. І гэта – не толькі пенсія. Дапамога дзяржавы, тым больш, платная паслуга, павінна быць якаснай. (Між тым, летась паслугі “сястрынства” каштавалі 50% пенсіі для адзінокіх і 75% – для адзінока пражываючых; цяпер жа, з 1 сакавіка, для ўсіх устанавілі адну “таксу” – 80% пенсіі). Так, у сястрынскім аддзяленні Высокаўскай гарбальніцы – уважлівы, старанны персанал. А ўмовы – не лепшыя, ды і сам будынак патрабуе рамонту. Як расказала загадчыца бальніцы, дэпутат райсавета Валянціна Сачук, планы на рэканструкцыю аддзялення намечаны: мяркуецца ў пустуючы двухпавярховы будынак былога тэрапеўтычнага перасяліць паліклінічнае аддзяленне. І там жа размясціць кабінеты стаматолагаў, якія цяпер – у будынку сястрынскага аддзялення, толькі ўваход асобны. Тады можна будзе пашырыць сястрынскія ложкі да 20…
Вядома, для ажыццяўлення задуманага патрэбны сродкі. Кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы спадзяецца на тое, што яны будуць выдзелены і, як абяцалі начальнікі высокага рангу, у 2013-2014 гадах рэканструкцыя ў Высокаўскай бальніцы будзе праведзена ў поўным аб’ёме.
Восень жыцця чакае кожнага. І ў старасці ніхто не павінен быць кінутым на волю лёсу.

Георгій ПАРАФЯНЮК

Добавить комментарий