Добры прыклад “Хадасоў”

19Па выніках абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў і падрыхтаванасці рамонтна-абслугоўваючай базы сельгасарганізацый для работы ў зімовых умовах, па падрыхтоўцы машынна-трактарнага парку да палявых работ 2014 года рашэннем аблвыканкама сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Хадасы” прызнаны лепшым сярод сельгасарганізацый вобласці.

Як сведчаць старажылы, землі сучаснага кааператыву “Хадасы” (а да рэарганізацыі гэта быў калгас “Першамайскі”) належалі братам Манькоўскім – Уладзіміру і Стэфану, у іх было каля 180 гектараў. Гаспадарыў тут і пан Бухавецкі, у якога таксама было шмат зямлі – ад Сінітычаў да Свінёва.

У гісторыі гаспадаркі сваё адметнае месца займае дзейнасць Першамайскай машынна-трактарнай станцыі, якая была створана ў 1951 годзе. У яе распараджэнні было 10 трактароў, 3 камбайны, электрастанцыя. Абслугоўвала станцыя 10 калгасаў раёна, апрацоўвала 17 195 га зямлі і 4885 га сенажацей. У 1958 годзе было прынята рашэнне аб продажы тэхнікі калгасам і, згодна з пастановай Саўміна БССР, Першамайская МТС была рэарганізавана ў аддзяленне рамонтна-трактарнай станцыі… У МТС пачыналі сваю працоўную дзейнасць многія выдатныя механізатары, якія славіліся далёка за межамі раёна. З 1988 года гаспадарку ўзначаліў Мікалай Ігнацюк. Пад яго кіраўніцтвам дасягнуты значныя поспехі…

З таго часу шмат што змянілася. Больш за дзесяць гадоў “у руля” СВК “Хадасы” стаіць Уладзімір Федаровіч, які многа ўвагі ўдзяляе ўмовам працы.

Удзел у конкурсе прымалі многія гаспадаркі вобласці, а вось трыумфальнае першае месца прысудзілі “Хадасам”. Спецыялісты, якія былі ў журы, ставілі 34балы па некалькіх крытэрыях. У першую чаргу – за выкананне пунктаў па ахове працы (гэтым у гаспадарцы займаецца Ніна Церанцюк). Не абышлі ўвагай і добраўпарадкаванне тэрыторыі машыннага двара, а таксама быт у цэлым. А для добрых умоў працы тут зроблена многае. Найбольшы гонар у старшыні гаспадаркі выклікае лазня, якую ўвялі ў эксплуатацыю ў мінулым годзе. Па-сучаснаму выглядае і раздзявалка для работнікаў. У кожным памяшканні машыннага двара стаяць печы. У планах – правесці газ і паставіць у рамонтных майстэрнях кацёл (цяпер ёсць усе падставы верыць у тое, што так і будзе, – напрыканцы мінулага года аграгарадок газіфікавалі).

Зараз машынна-трактарны парк “Хадасоў” – гэта па 25 грузавых машын і трактароў, сельгастэхніка. На ўвесь транспарт хапае вадзіцеляў. Зімой асноўная частка тэхнікі занята ў жывёлагадоўлі. Сёлетняе надвор’е спрыяла таму, што амаль уся запланаваная арганіка ўжо вывезена на палі. Увогуле, на фермах гаспадаркі (6 МТФ і комплекс) няма яе застою.

Для тэхнічнага абслугоўвання машынна-трактарнага парку ў гаспадарцы ёсць рамонтная майстэрня, гаражы і пляцоўкі для захоўвання тэхнікі, якія знаходзяцца на цэнтральнай сядзібе аграгарадка Хадасы, што палягчае працэс рамонту і абслугоўвання тэхнікі, а таксама садзейнічае больш хуткаму выхаду яе на палі.

1За апошнія гады ў гаспадарцы набылі 10 энерганасычаных трактароў, 17 аўтамабіляў, 6 сеялак, агрэгаты для ўнясення ўгнаенняў і іншыя машыны. З пакупкай новых трактароў і сучасных глебаапрацоўчых агрэгатаў палепшылася культура земляробства. Новую тэхніку даверылі самым адказным спецыялістам.

За перамогу ў конкурсе сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Хадасы” ўзнагароджаны Ганаровай граматай і грашовай прэміяй у памеры 100 базавых велічынь, а таксама – пагрузчыкам “Амкадор-332 С4”.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Івана КАРАГОДЫ.

Добавить комментарий