Дзевяностая восень Мікалая Юхімука

Дзевяностая восень Мікалая Юхімука25 кастрычніка споўнілася 90 гадоў ветэрану Вялікай Айчын-най вайны з Радзевічаў Мікалаю Юхімуку.

Яго жыццёвы шлях пачаўся ў 1923 годзе ў вёсцы Доўбізна, калі ў звычайнай сялянскай сям’і нарадзіўся сыночак… У той час родная вёска Мікалая Сцяпанавіча адносілася да Польшчы, таму і 3-класную адукацыю атрымаў у мясцовай польскай школе…

Падчас вайны маладога чалавека немцы забралі ў Герма­нію. Пасля вызвалення адтуль Мікалай адразу пайшоў у армію. Падчас ваенных дзеянняў фарсі­раваў Одэр. У адным з наступленняў на ворага ў пачатку красавіка 1945 года малады чалавек быў паранены ў руку. На шчасце, куля прайшла наскрозь, таму раненне асабліва на здароўе не паўплывала. У пераможным маі салдат быў у запасных шэрагах ваенных… Пасля вялікай Перамогі Мікалай Сцяпанавіч яшчэ два га-

ды праслужыў у арміі на тэрыторыі Германіі ў горадзе Расток. Праходзіў службу ў войсках аховы, дзе быў на добрым рахунку ў камандзіраў, таму прыязджаў на некалькі дзён на адпачынак дадому.

Калі мужчына вярнуўся з арміі ў 47-м дадому, то пазнаёміўся са сваёй другой палавінкай, якая жыла недалёка ад Доўбізна – у Радзевічах. Пасля вяселля, якое згулялі на пачатку 1948 года, маладым далі бясплатна 28 кубоў лесу. Пабудавалі новы дом у вёсцы жонкі. На працу Мікалай уладкаваўся ў мясцовы калгас, дзе быў брыгадзірам. Калі дзеці падраслі (у ветэрана дзве дачкі і сын), перайшоў на працу на так званую перавалку на станцыю Высока-Літоўск, дзе шчыраваў аж да пенсіі…

Ніколі пра ветэрана не забываюць вучні Каленкавіцкай базавай школы, якія заўсёды віншуюць са святам Перамогі. Па гаспадарцы вельмі дапамагае сацработнік Анастасія Салівончыкі. Ды і з суседзямі пашанцавала…

Усе дзеці разляцеліся з бацькоўскага гнязда: адна дачка жыве ў Калініг­радзе, другая – у Дзмітровічах, сын – у Слоніме, але ніколі не зарастае для іх сця­жынка да дому, дзе нарадзіліся і выраслі. Свята абавязкова збярэ вялікую сям’ю (а ў Мікалая Сцяпанавіча чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў) за адным сталом, дзе будуць гучаць самыя шчырыя пажаданні. Галоўнае, каб яшчэ не раз у гасцінным доме ветэрана звінеў шчаслівы смех яго, родных і блізкіх.

Здароўя Вам, Мікалай Сцяпанавіч, з юбілеем!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий