Дзве ў адной…

106_8916У 1522 годзе Мінкавічамі валодалі Гамшэвічы. У другой палове 18-га стагоддзя яны адышлі Сапегам, а ў 1722 годзе Міхаіл Сапега аддаў пад залог у 50 тысяч злотых Юрыю Матушэвічу. Так Мінкавічы сталі ўласнасцю гэтага роду, а ў 1862 годзе перайшлі Яну Швыдкоўскаму, ад яго – Здзіславу Замойскаму. Апошняй уладальніцай іх была Марыя Замойская.

І вось пра гэты дзівосны край, пра дзве вёсачкі мы і хочам вам расказаць. А чаму, спытаеце, пра дзве? Ды таму, што сапраўды вёскі дзве, а назва ў іх адна – Мінкавічы.

Наша маленькая радзіма, нашы Мінкавічы, знаходзіцца за 30 кіламетраў ад райцэнтра і ўвахо­дзіць у склад Ратайчыцкага сельсавета. Каб адрозніць дзве вёскі з адной назвай, іх падзялілі на “старую” і “новую”, апошнюю, дарэчы, нярэдка называюць на сучасны манер – пасёлак. Афіцыйнага падзелу вёскі няма.

Пра Мінкавічы “новыя”…

Вось у “новых” Мінкавічах мы і нарадзіліся. Пасёлак параўнальна малады, пачатак яго будаўніцтва прыпадае на 70-я гады мінулага стагоддзя. Большасць дамоў – двухпавярховыя. Усяго тут жыве каля 450-і чалавек. Калі ў “старых” Мінкавічах жывуць у асноўным людзі шаноўнага ўзросту, то ў “новых” – маладыя сем’і.

Паміж вёскамі – возера П’яўка. Тут жыве пара лебедзяў. Гэтых птушак аберагаюць, асабліва, калі ў іх з’яўляецца патомства. У пасёлку ёсць сажалка, якая з возерам злучаецца ручайком. З возера выбягае рачулка і, “пераскокваючы” праз лугі і палі, упадае ў Лясную.

Побач з возерам раскінуўся парк, дзе знаходзіцца будынак Баршчэўскай сярэдняй школы. Пад школу прыстасавалі былы маёнтак пана Патоцкага, дабудаваўшы ў 1986-м новы корпус. Назва школы не адпавядае назве вёскі, бо навучальная ўстанова раней знаходзілася ў Баршчэве. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты Баршчэва  спалілі. Пасля вызвалення Беларусі, у 1944 годзе, будынак перанеслі на новае месца, а назву вырашылі пакінуць старую.

За паркам размясціліся аддзяленне сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, машынны двор ААТ “Белавежскі”, тры магазіны, філіял “Беларусбанка”.

Яшчэ адной адметнасцю нашых Мінкавічаў  з’яўляецца Ворахаўскі лес – ландшафтны заказнік, які пачынаецца адразу за пасёлкам. Лес пасаджаны нашымі прадзедамі. Назва, па легендзе, паходзіць ад слова “арэшнік”. Арэшнікаў і дасюль там многа. Наш Ворахаўскі лес багаты таксама і на ягады, і на грыбы.

Побач з Мінкавічамі ўецца стужка шашы, таму нашы аднавяскоўцы без праблем дабіраюцца ў Высокае, Брэст.

Мы вельмі любім сваю маленькую радзіму, свае Мінкавічы!

…і “старыя”

Даўным-даўно гэта было. Адно з паселішчаў вабіла да сябе сваёй прыгажосцю. Навокал зелянеў лес, які межаваў з полем. Разрасліся, некалі пасаджаныя прашчурамі, арэшнік і чаромха. У лесе было многа дзічыны і птушак. Азёрамі Бог не пакрыўдзіў маленькі край. Тут жылі добрыя людзі. З самай ранняй вясны  яны працавалі на зямлі, а яна, у сваю чаргу, дзячыла руплівым працаўнікам добрымі ўраджаямі.

У вольны час сяляне займаліся рыбнай лоўляй у навакольных вадаёмах. Вада ў іх была чысцюткая, і рыба розная вадзілася. Усяго тут хапала, але найчасцей сярод азёрнага багацця сустракалася рыба мінок (так сяляне называлі вядомага ўсім ментуза). Старажылы сцвярджаюць, што назву вёска атрымала ад першых жыхароў тых мясцін менавіта з-за колькасці гэтай рыбы.

Вось так, дзякуючы мінкам, пасе­лішча атрымала назву Мінкавічы.

Ірына АНЦІПАРУК,

Іна МАНЧАК,

Хрысціна КАЗЛОЎСКАЯ,

юныя фалькларысты Баршчэўскай СШ.

Добавить комментарий