Дело, которое приносит удовольствие

Усяго на тэрыторыі нашага раёна дзейнічае 18 комплексна-прыёмных пунктаў у сельскай мясцовасці і 1 – у Высокім. Прыбытак ад іх раённы камбінат бытавога абслугоўвання атрымаў у мінулым годзе ў 1 мільярд 500 мільёнаў рублёў. А гэта не так мала, улічваючы колькасць насельніцтва ў нашым раёне.
Комплексны прыёмны пункт у Ставах гасцінна адчыніў свае дзверы тры гады назад. Столькі ж тут працуе загадчыцай Наталля Трайбер, якая і за швачку, і за прыбіральшчыцу. Прыёмны пункт абслугоўвае 4 вёскі, у якіх пражывае каля шасцісот чалавек. “Не было ніводнага дня, калі б сюды хтосьці не зайшоў”, – зазначыла Наталля Уладзіміраўна. Тут можна набыць прадукцыю, якую выпускае Камянецкі камбінат. Гэта і пасцельная бялізна, і спецвопратка, і кашулі, і коўдры, і падушкі. У комплексна-прыёмным пункце можна зрабіць індывідуальны заказ, напрыклад, на нестандартны памер навалачкі. І такіх заказчыкаў нямала. Прадукцыя ніколі не залежваецца на паліцах, разбіраюць яе вельмі хутка.
Кожны аўторак у Ставы прыязджае цырульнік, і кожны раз, як аншлаг, бо мясцовыя жыхары не прамінаюць зайсці сюды, каб зрабіць навамодную прычоску, ці проста падстрыгчыся.
Ёсць тут і такая паслуга, як рамонт абутку. Калі быць больш дакладнай, то ў прыёмным пункце можна здаць сапсаваны абутак. Па аўторках яго адпраўляюць у абутковую майстэрню ў Каменец, а ўжо праз тыдзень адрамантаванае можна забіраць. Праўда, як паведаміла загадчыца, у будынку КПП ёсць пакойчык, у якім павінна была быць абутковая майстэрня. Там нават ёсць абсталяванне. Але, на жаль, няма майстра…
Наталля Трайбер мае дыплом краўца жаночага верхняга адзення. Навучальную ўстанову скончыла некалі ў Казахстане. Там і жыла з сям’ёй. Але ў 2005 годзе прыехала ў госці да родных у Беларусь, а калі дакладней – у Ставы, і спадабалася ў беларускай вёсачцы. Пяць гадоў таму яна стала роднай для вялікага сямейства Трайбер. Спачатку Наталля Уладзіміраўна працавала ў калгаснай сталоўцы, а калі адкрывалі комплексна-прыёмны пункт, то прапанавалі пасаду загадчыцы. Без ваганняў перайшла, бо, як сама прызналася, вельмі любіць шыць, а тут ёсць такая магчымасць. Праўда, 0,5 стаўкі не дае ва ўсю заняцца любімай справай… У Беларусі жывуць дзве дачушкі разам са сваімі сем’ямі. А што яшчэ трэба для сапраўднага жаночага шчасця? Правільна, любімая сям’я побач, і праца, якая прыносіць задавальненне.

Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий