Да ўборкі амаль гатовы

news255_1У бягучым годзе перад аграрыямі раёна стаіць мэта атрымаць 153 тыс. тон зерня, з якіх не менш за 21 тыс. належыць рэалізаваць для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, 123 тыс. – выдзеліць для патрэб жывёлагадоўлі, 10 тыс. – закласці ў насенны фонд і каля 2 тыс. – прадаць насельніцтву.

Што зрабілі?

Для забеспячэння сыравінай прадпрыемстваў алеяперапрацоўчай прамысловасці трэба вырасціць не менш за 12 тыс. тон алейнага насення рапсу.

З мэтай выканання пастаўленай задачы ў сельгасарганізацыях раёна сяўба зерневых і зернебабовых праведзена на плошчы 34 тыс. гектараў, і гэты паказчык – на ўзроўні мінулага года. Для выканання прагнозных паказчыкаў па вытворчасці зерня адведзена 5 тыс. гектараў кукурузы.

Пасля зімоўкі захаваліся зерневыя на 18,3 тыс. гектараў. Структура азімага кліна – на ўзроўні мінулых гадоў, калі ўдзельная вага пасеваў пшаніцы і трыцікале склала 80%. Пасевы азімага рапсу захаваліся на плошчы 4,3 тыс. гектараў. У зімоўку пасевы азімых культур увайшлі ў добрым стане. Аднак умовы перазімоўкі, у асобныя перыяды, якія характарызуюцца павышанымі тэмпературамі паветра і высокім снежным покрывам, не для ўсіх участкаў азімых аказаліся спрыяльнымі. Згодна з вясенняй інвентарызацыяй, плошча загінуўшых пасеваў зерневых культур склала 1,7 тыс. гектараў (8% да пасеянага), азімага рапсу – 94 гектары (2%). На плошчы 1,5 тыс. гектараў зерневая група адноўлена яравымі культурамі.

Пад ураджай 2013 года яравых зерневых пасеялі 15,8 тыс. гектараў, яравога рапсу – 35 гектараў. Піваварны ячмень размясціўся на плошчы 1,8 тыс. гектараў. Пасевы кукурузы на зерне склалі 5 тыс. гектараў, грэчкі – 405 гектараў, проса – 550. Зернебабовыя занялі 2,4 тыс. гектараў. Аб’ёмы сяўбы зернебабовых выкананы ў запланаваных аб’ёмах, не зніжаны да ўзроўню мінулага года, і ў структуры зерневага кліна іх удзельная вага склала 7%, што адпавядае норме.

Пад кожны гектар азімых зерневых і рапсу было ўнесена па 261 кг дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў. Выраслі і аб’ёмы ўнясення арганічных угнаенняў. Пад азімыя ўнесена 84 тыс. тон, што склала 105% да задання. Аднак у СВК “Стаўскі” і “Хадасы” іх было ўнесена толькі 18% і 49% да запатрабаванага адпаведна. Ва “Усходзе-Каменцы” азімая сяўба праведзена без арганічных угнаенняў. Азотных угнаенняў унесена ў сярэднім па раёне 77% да запатрабаванага і толькі 34% да наяўнасці. Дрэ­нныя паказчыкі ў “Агра-Турне”, дзе іх было ўнесена 36% да  запатрабаванага і 15 да наяўнасці, “Хадасах” – 67% і 30%.

Нягледзячы на тое, што забяспечанасць калійнымі ўгнаеннямі пад азімую сяўбу сёлетняга ўраджаю ў сярэднім па раёне была 162%, у “Каленкавічах” унесена іх 75% да запатрабаванага і толькі 42% да наяўнасці, “Агра-Зарэччы” – 75% і 69%, “Агра-Турне” – 89% і 54%, “Агра-Пелішчы” – 89% і 74%.

Хімічныя праполкі на пасевах азімых зерневых праведзены з восені на плошчы 13 тыс. гектараў (65% да пасяўной плошчы). Азімы рапс быў праполаты на ўсёй плошчы пасеянага.

Усе сельгасарганізацыі, акрамя ААТ “Александрыя-Агра”, “Агра-Турна” і “Макарава-Агра”, не забяспечылі з восені хімпраполкі азімых зерневых у поўным аб’ёме. У “Каленкавічах” праполата было толькі 40% ад пасеянага, “Белавежскім” – 53, “Відамлянскім” – 57.

У вясенні перыяд хімпраполкі азімых пшаніцы і трыцікале завершаны ў поўным аб’ёме. На ўсёй плошчы своечасова выкананы падкормкі азотнымі ўгнаеннямі азімых культур і хімпраполкі яравых зерневых і зернебабовых. У значных аб’ёмах у параўнанні з мінулым праведзены пазакарэнныя падкормкі мікраўгнаеннямі (9,1 тыс. гектараў). Зараз з улікам усіх тэхналагічных патрабаванняў вядуцца работы па ахове зерневых і рапсу ад хвароб і шкоднікаў. Забяспечанасць хімічнымі сродкамі аховы раслін – стопрацэнтная.

Пасевы зерневых і зернебабовых выкананы насеннем раяніраваных і перспектыўных гатункаў не ніжэй другой рэпрадукцыі. Набылі па-за межамі вобласці для вытворчасці насеннага матэрыялу 460 тон элітнага насення. Спецыялізаванымі насенняводчымі гаспадаркамі рэалізавана 365 тон насення 1-й рэпрадукцыі для правядзення гатунказмены і гатункаабнаўлення. Удзельная вага пасеваў зерневых і зернебабовых пад ураджай 2013 года, сеяных элітным насеннем, склала 11%, 1-й рэпрадукцыі – 60%, што адпавядае норме.

Што наперадзе?

Уборка будзе распачата з пасеваў крыжакветных і азімага ячменю. Тэрміны пачатку масавых уборачных работ будуць вызначаць надвор’е і час даспявання культур.

Для забеспячэння ўласным насеннем шматгадовых траў будзе абмалочана 360 гектараў насеннікаў.

З мэтай захавання якасці насеннага матэрыялу, санітарнай якасці зернефуражу, яго харчовай каштоўнасці да 1 ліпеня будуць падрыхтаваны ўсе зернясховішчы да прыёму новага ўраджаю такім чынам, каб ні адно не выкарыстоўвалася без дбайнай ачысткі.

Ва ўборачных работах плануецца задзейнічаць 1235 зернеўборачных камбайнаў, у тым ліку 5 камбайнаў мехатрада ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс” і 2 – Высокаўскага сельскагаспадарчага каледжа. Акрамя таго, на ранніх тэрмінах трэба ўбраць 4266 гектараў рапсу. Для гэтага ёсць 60 зернеўборачных камбайнаў, укамплектаваных прыстаўкамі для яго ўборкі.

Па стане на 17 чэрвеня падрыхтаванасць камбайнаў па раёне складала 63% пры заданні 78%. Згодна з данымі аператыўнай справаздачнасці, самая нізкая падрыхтаванасць зернеўборачнай тэхнікі ў ААТ “Агра-Турна” – 28%, “Усход-Каменец” – 33%, “Макарава-Агра” – 20%, “Камянецкая Пушча” – 40%. Значнае абнаўленне камбайнавага парка ў бягучым годзе не чакаецца.

Зернесушыльная гаспадарка ў раёне налічвае 48 комплексаў і сушылак. Да пачатку ўборкі зерневых плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ЗСК-30Г у “Відамлянскім”. Будзе атрымана адна перасоўная сушылка ў “Агра-Турне”.

Зараз для своечасовай падрыхтоўкі да ўборкі зерневых рашаюцца арганізацыйныя пытанні, у тым ліку – па бяспечным правядзенні зернеўборачных работ.

Сяргей МУРЫН,

начальнік аддзела

арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Добавить комментарий