Гісторыя аднаго крэдыту…

Пра што вы марыце? Не ў агульначалавечым сэнсе, а ў тым, што тычыцца матэрыяльных каштоўнасцей. Нехта ў ружовых снах бачыць сябе за рулём асабістага аўтамабіля, нехта чакае-не дачакаецца таго імгнення, калі выйдзе з магазіна з новенькім ноўтбукам у руках, пра які можна будзе смела сказаць “Мой!”, некаму карціць пераступіць парог СВАЁЙ кватэры… А камусьці не да мараў, бо рэч неабходная ЦЯПЕР, а грошай на яе няма.

Збіраць іх, адкладваючы з кожнай зарплаты? Пазычыць у родных і сяброў? Ці… Вось тут і з’яўляецца перад чалавекам спакуса пад назваю “крэдыт”. Узнік ён вельмі даўно, яшчэ ў старажытных Грэцыі і Рыме. Патрэбы ў людзей былі заўсёды, а вось задаволіць іх за кошт сваіх сродкаў мог не кожны. Знаходзіліся багацеі, здольныя даць грошы як пазыку (потым трэба было вярнуць, акрамя іх, яшчэ і невялікую суму ў якасці ўзнагароды). Законы таго часу дапускалі нават даўгавую кабалу.

У сярэднія вякі атрыманне “грошай ад грошай”, г. зн. заробак на працэнтах, лічыўся цяжкім грахом. Таму італьянскія банкіры вынайшлі вэксальнае крэдытаванне. У 16-17 стагоддзях ў Еўропе адчынілі свае дзверы першыя камерцыйныя банкі, аднак, туды звярталіся часцей прамыслоўцы і гандляры. Простыя гараджане накіроўваліся звычайна ў ламбард. Лічылася, што сумленныя грамадзяне могуць браць пазыку толькі ў выпадку пільнай патрэбы. Акрамя звыклых вэксальнага і грашовага крэдытаў, існавала яшчэ магчымасць набыцця тавару ў крэдыт. У Расіі дзяржаўныя крэдытныя ўстановы з’явіліся ў сярэдзіне 18 стагоддзя, да гэтага звярталіся толькі да ліхвяроў. У канцы 19 стагоддзя адкрыліся Сялянскі пазямельны банк і Дваранскі банк. З цягам часу практыка крэдытавання прыйшла і на Беларусь.

Сёння рэклама гэтай паслугі – паўсюль. У лістоўках, якія раздаюць на вуліцах, на інфармацыйных стэндах банкаў, на экранах тэлевізараў (“Я хочу взять кредит. Что для этого надо?” – “Нам достаточно вашего звонка!”), на старонках газет, у радыёфірах. Як жа ўтрымацца ад спакусы хутка атрымаць жаданае? Як не пагадзіцца з прапановай: “Купі сёння – плаці заўтра” (і паслязаўтра, і праз год, і праз 10, гледзячы, якую суму бярэш у пазыку)? Дык што ж уяўляе сабою крэдыт: свабоду дзеянняў (пакупак) ці залежнасць? Паразважаем. А для пачатку звернемся ў банкі Каменца, якія прапануюць сёння разнастайныя крэдыты. Сем аднолькавых пытанняў адрасавала я начальніку аддзела рознічных паслуг разлікова-касавага цэнтра №3 філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкае абласное ўпраўленне Алене КУЗАЎКА і вядучаму спецыялісту аддзела рознічнага бізнесу ЦБУ №115 філіяла 100 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Вользе КАЗАК.

Вось яны:

1. Якія крэдыты і на якіх умовах прапануеце грамадзянам?

2. Узрасла ці знізілася папулярнасць крэдытавання ў апошні час?

3. Што ўлічваеце пры выдачы крэдыту пэўнаму чалавеку?

4. Якія катэгорыі грамадзян часцей звяртаюцца па крэдыт?

5. Ці стараюцца людзі хутчэй выплаціць свае даўгі банку?

6. Якую работу вядзеце з даўжнікамі?

7. Ці ёсць у Вас крэдыт у Вашым банку?

Вольга КАЗАК:

1. Мы выдаём крэдыты двух відаў: згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і за кошт сродкаў банка. Першыя – ільготныя. Да іх належаць крэдыт на жыллёвае будаўніцтва для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў; на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў для грамадзян, якія пастаянна жывуць і працуюць ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек; на атрыманне першай адукацыі; маладым спецыялістам; на газіфікацыю прыродным газам. Са сродкаў банка выдаюцца крэдыты на спажывецкія патрэбы (на 1 і 5 гадоў), будаўніцтва, рэканструкцыю і набыццё жылля (на 15-20 гадоў), навучанне, добраўпарадкаванне месцаў пахавання, медыцынскія паслугі, крэдыты “Здароўе” і “Агратурыст”. Крэдыт да 200 базавых велічынь можна ўзяць як на картку, так і наяўнымі, калі ж сума большая – выключна на картку. Стаўка залежыць ад стаўкі рэфінансавання. Дарэчы, крэдыт можна ўзяць нават у вясковым аддзяленні “Беларусбанка”.

2. Летась назіраўся рост колькасці спажывецкіх крэдытаў, а сёлета часцей бяруць на будаўніцтва ці рамонт жылля, газіфікацыю яго.

3. Правяраем літаральна ўсё: узрост, прафесію, сямейнае становішча, крэдытаздольнасць і ўзровень даходу (памер крэдыту не можа складаць больш за 50% яго, улічваючы камунальныя паслугі, аплату тэлефонаў, дзіцячых садкоў і інш.), колькі разоў быў паручыцелем, крэдытную гісторыю.

4. Самыя розныя: маладыя і мнагадзетныя сем’і, маладыя спецыялісты, пенсіянеры. Апошніх цяпер даволі шмат. Ідзе газіфікацыя вясковых дамоў, а іх гаспадарамі з’яўляюцца пажылыя людзі.

5. Плацяць спраўна. Калі чалавек датэрмінова вяртае пазычанае, то і працэнты ён плаціць толькі за фактычны тэрмін аплаты. Да канца бягучага года дзейнічае акцыя па датэрміновым пагашэнні крэдытаў у замежнай і нацыянальнай валюце.

6. З імі цесна працуе служба бяспекі. Вядуцца гутаркі, калі не дапамагае, – рашаем пытанне праз суд.

7. У мяне крэдыт ёсць, ды і ў многіх калег – таксама. Мы давяраем свайму банку.

Алена КУЗАЎКА:

1. Мы выдаём крэдыты толькі ў беларускіх рублях на спажывецкія патрэбы, нерухомасць, набыццё аўтамабіля ў аўтадылера, на аплату навучання “Студэнцкі” (толькі для тых, хто ўдзельнічае ў дзіцячай ашчаднай праграме “Расці вялікі”). Калі тэрмін вяртання сродкаў да 5 гадоў, то грошы пераводзім на картку, калі да 3-х – на бягучы рахунак. Стаўкі па ўсіх крэдытах у нас розныя, але залежаць ад стаўкі рэфінансавання. Крэдыт на спажывецкія патрэбы ў нас можа атрымаць абсалютна любы грамадзянін рэспублікі незалежна ад рэгістрацыі, галоўнае, каб у яго быў даход.

2. У 2011-м, падчас крызісу, калі стаўка рэфінансавання ўвесь час павялічвалася, попыт на крэдыты падаў, але цяпер ён зноў павышаецца.

3. Правяраем рэпутацыю патэнцыяльнага крэдытаатрымальніка, улічваючы ўсю інфармацыю аб ім. Нават калі гэты чалавек – добры знаёмы камусьці з супрацоўнікаў, робім гэта ўсё адно. У маленькім горадзе прасцей, усе адзін аднаго ведаюць. Важна прасачыць тое, дзе і кім працуе чалавек, які ў яго даход (калі ён меншы за бюджэт пражытачнага мінімуму, ні аб якім крэдыце не можа быць гаворкі), сямейнае становішча, ці ёсць іншыя крэдыты, ці былі парушэнні ў выплаце іх. Пастаянныя кліенты, якія добра зарэкамендавалі сябе ў нашым банку, могуць атрымаць да 10 млн. рублёў без паручыцеляў.

4. Цяжка сказаць. Узрост гэтых людзей самы розны, становішча ў грамадстве – таксама.

5. Яны зацікаўлены ў тым, каб хутчэй вызваліцца ад крэдыту, вось і стараюцца. Рэдка, на шчасце, сустракаемся з выпадкамі, калі чалавек адмаўляецца плаціць…

6. …але калі гэта ўсё ж здараецца, размаўляем з крэдытаатрымальнікамі, іх паручыцелямі. Безвынікова? Тады падключаем брэсцкі аддзел па рабоце з праблемнымі запазычанасцямі. Апошняй інстанцыяй становіцца суд.

7. У кожнага нашага супрацоўніка ёсць крэдыт у “Белаграпрамбанку”. У некаторых нават не адзін. Свайму банку і давяраеш больш, і падводзіць яго не будзеш. У мяне, напрыклад, два крэдыты з чатырох без паручыцеляў.

Прапановы вельмі заманлівыя…

А што ж думаюць наконт крэдытаў патэнцыяльныя (і рэальныя) атрымальнікі іх?

Наталля КАЗЛЮК, дырэктар Хадасоўскай базавай школы:

– Я сама неаднаразова брала крэдыты. У “Беларусбанку” – на машыну і навучанне дачкі, у прыватным “Сомбелбанку” – на ноўтбук. Без гэтага ніяк, да таго ж выгадна. З крэдытамі жыць значна прасцей: плаціш штомесяц невялікую суму, а астатнія сродкі ў тваім распараджэнні. Не прыходзіцца зацягваць паясы, дзецям і сабе ў нечым адмаўляць. Крэдыт добра выручае. Галоўнае вяртаць своечасова, нам гэта ўдавалася.

Павел ВІНІЧУК, урач-валеолаг Камянецкай ЦРБ:

– Ніколі не браў крэдытаў і раіў бы ад іх устрымацца. Карыстаюцца такой паслугай банка звычайна тады, калі не хапае грошай на нейкую пакупку. Але, з другога боку, для таго, каб узяць крэдыт, таксама неабходна мець пэўны даход, бо выплачваць давядзецца амаль у два разы больш. Парадокс? Жыць трэба па сродках. Безумоўна, зусім іншая сітуацыя складваецца тады, калі за крэдыт чалавек збіраецца будаваць жыллё… Тут сваімі сіламі не абысціся.

Раіса РАМАШКА, бібліятэкар Камянюцкай сельскай бібліятэкі:

– Маёй старэйшай дачцэ патрэбны быў халадзільнік. Узяла крэдыт, але выплачваць было нялёгка. Каб не дапамога родных, не справіліся б. З той пары я зараклася зноў звязвацца з крэдытамі. Лепш пазычыць, сабраць грошы самім. Магчыма, з маім меркаваннем нехта не згодзіцца, скажа: учарашні дзень. Але я так думаю. І калегам сваім раю не браць крэдытаў, каб жыць спакойна.

Людміла РАМАНЧУК, мнагадзетная маці:

– Сем’ям, у якіх шмат дзяцей, без крэдытаў не абысціся. Мы бралі некалькі разоў спажывецкі, а таксама той, што на жыллё. Упэўнена, самі б ніколі не з’эканомілі столькі сродкаў. Адзінае аб чым хачу папярэдзіць: крэдытуйцеся лепш у дзяржаўных банках, ім можна давяраць. А вось прыватныя могуць запатрабаваць занадта вялікія працэнты.

Выснову, мне здаецца, можна зрабіць толькі адну: бярыце крэдыт на тое, што адэкватна вашаму даходу, ці тое, што вам на самой справе жыццёва неабходна. А калі ўсё ж сталі крэдытаатрымальнікам, памятайце, што пазыку трэба вяртаць. Няхай ваша крэдытная гісторыя будзе шчаслівай.

Настасся НАРЭЙКА.

1 thought on “Гісторыя аднаго крэдыту…

  1. Добрый день,
    Кредит дело лично каждого и варианты бывают всякие. Совет — если уже и решили брать — зайдите на сайт infobank.by, http://www.select.by — там полная информация и примеры о банках. Очень забавно смотреть % переплаты……некоторые доходят до 200%, хотя в договоре написано 25% И куда наша власть смотрит?

Добавить комментарий