“Граница под замком…”

IMG_8339Гісторыя пагранічнай заставы “Казімірава” пачалася 28 ліпеня 1944 года, калі Савецкая Армія выйшла на заходнюю мяжу нашай Радзімы.

Брэст і Брэсцкая вобласць былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Узнаўленне заходніх межаў патрабавала іх аховы і абароны. Па рашэнні Савецкага ўрада ва ўсходніх раёнах краіны пачынаюць фарміравацца пагранічныя атрады для адпраўкі на заходнюю дзяржаўную мяжу.

У сярэдзіне жніўня 1944 года ў Высокае прыбыў 12-ы пагранічны атрад. У яго састаў уваходзіла і пагранічная застава “Казімірава”.

Прыступаючы да выканання сваіх прамых абавязкаў, пагранічнікі сутыкнуліся з цяжкасцямі. Разам з аховай дзяржаўнай мяжы яны вялі будаўніцтва заставы, выконвалі вялікую працу па інжынерна-тэхнічным абсталяванні мяжы, рабілі тэлеграфна-тэлефонную сувязь. Абставіны ўскладняліся тым, што па лясах і балотах рыскалі бандыцкія групы, якія неаднаразова спрабавалі прарвацца праз дзяржаўную мяжу.

Адным з першых начальнікаў “Казімірава” ў пасляваенны перыяд быў капітан Аляксандр Чарапанаў, які камандаваў заставай з 1948 да 1950 года (яна ў тыя гады ўваходзіла ў састаў 12-га Высокаўскага пагранатрада).

У перыяд з 15 красавіка да 1 мая 1960 года адбылося пераафармленне Брэсцкага пагранічнага атрада па новаму штату. Ад 12-га пагранатрада прыняты дзевяць пагранічных застаў і КПП “Высока-Літоўск”. У састаў Брэсцкага атрада ўвайшла і застава “Казімірава”. Да 1970-га яна была пад нумарам 5.

Пагранічная застава па стане службы, вучобы і дысцыпліны неаднаразова заваёўвала і ўтрымлівала званне выдатнага падраздзялення.IMG_8351

У “Казіміраве” з лютага да красавіка 1976 года ў званні радавога праходзіў ваенную службу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Важная падзея ў жыцці заставы адбылася 30 мая 1998 года – ён наведаў “Казімірава”.

Шмат гадоў прайшло з часу заснавання заставы. Змянілася многае: і знешні выгляд аб’екта, і начальнікі. Зараз галоўным у “Казіміраве” з’яўляецца Дзмітрый Супрановіч. Як паведаміў начальнік, з 28 кастрычніка мінулага года, калі ён прыйшоў на заставу, адбылося тры парушэнні дзяржаўнай мяжы. 2 чачэнцы і 1 грамадзянін Расійскай Федэрацыі спрабавалі прайсці на тэрыторыю нашай краіны. Але іх затрымалі. “Акрамя таго, у раёне зарэгістраваны 30 парушэнняў правілаў знаходжання ў пагранічнай зоне”, – дадаў Дзмітрый Аляксеевіч. Часцей за ўсё “парушаюць” спакой асабістага саставу заставы дзікі, ваўкі. Непадалёку ад аб’екта завялася рысь. А ў раёне вёскі Бобінка ўсю зіму пасвіліся 12 зуброў, якія часценька не давалі пра сябе забыць…

Салдаты, якія праходзяць тэрміновую службу на заставе “Казімірава”, у асноўным з іншых абласцей. На тэрыторыі заставы пастаянна жывуць салдаты, начальнік, яго намеснік і сям’я старшыны. “У нас тут ёсць усё, каб жыць дастойна: бібліятэка, спартыўная пляцоўка… Нашы салдаты вядуць актыўны здаровы лад жыцця. Пасадзілі шмат дрэў, самі аформілі кветнікі…”, – не без гонару зазначыў начальнік.

На заставу часта прыязджаюць на планавыя экскурсіі дзеці з усяго раёна. Ёсць тут і салютная група, якая прымае ўдзел у святкаванні 9 Мая ля брацкіх магіл суседніх вёсак.

IMG_8345Напярэдадні прафесійнага свята не магла не спытаць аб яго святкаванні. “Думаю, для ўсіх пагранічнікаў гэта асаблівы дзень. 28 мая будзе накрыты святочны стол, адбудзецца канцэрт асабістага сас­таву. Мы чакаем да сябе ў госці нашых шэфаў з “Белавежскага”, “Агра-Нівы”, “Каленкавічаў”, а таксама кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў. Да нас прыедуць тыя, хто дапамагае нам і каму дапамагаем мы, у прамым сэнсе гэтага слова. Акрамя таго, упершыню за многія гады заставу наведаюць людзі, якія некалі праходзілі тут службу”, – адказаў Дзмітрый Супрановіч.

“Граница под замком” – так называецца адна з серый вядомага мультфільма “Маша и медведь”. Няхай жа гэты замок зрываецца як мага радзей! Са святам, вартавыя цішыні!

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий