ГАЛІНІНА ВЕНЕРА

Каб расказаць, хоць і коратка, пра жыццё даяркі Галіны Аляксандраўны Дрозд, трэба крыху вярнуцца назад…

На голым месцы, на няўдобіцах, дзе рос адзін пырнік, пачалася вялікая будоўля… Гэта нараджаўся на свет наш пасёлак Белавежскі, а разам з ім – свінагадоўчы комплекс. Знайшліся, вядома, і тыя, каму цікава было: а што ж тут такое дзеецца?

Людзі ехалі сюды з усяго Савецкага Саюза, бо мелі магчымасць атрымаць і працу, і жыллё. Першаадкрывальнікамі ж смела можна лічыць жыхароў нашай суседкі Украіны. Ад іх пасля даведваліся пра Белавежскі родныя, знаёмыя, сябры… Многія з іх таксама перабраліся сюды.

Так адбылося і з сям’ёю Галіны Дрозд. Разам з мужам Мікалаем, якога ведала яшчэ са школьных гадоў, і дзецьмі ў 1987-м прыехала яна ў пасёлак.

Спярша пасяліліся ў бараку. Побач знаходзілася сталовая, ежу з якой прыносілі дадому. Недалёка было і месца працы. Па вечарах заўсёды гудзела танцавальная пляцоўка. “Жылі дружна, весела,” – з усмешкай успамінае Галіна Аляксандраўна.

Сваё “хрышчэнне” ў працы атрымала на трэцім участку, кіраўніком якога была Станіслава Феліксаўна Сцяпанава. “Вельмі добры, талковы начальнік, з такім усё ішло як мае быць. Па праўдзе кажучы, і звяно наша было што трэба: Наталля Зямлянава, Надзея Луткова, Валянціна Арцёменка, Вольга Насковіч… Пераходны вымпел “Лепшаму звяну” нярэдка завітваў да нас, як і прэміі, – расказвае Галіна Дрозд. – Прызвычаіліся мы тады адзін да аднаго. У працы панаваў лад, вось і не заўважыла, як праляцелі восем гадоў.”

Атрымалася ўладкаваць дзяцей – Наташу і Андрэя – у садок “Зубраня”. Стала больш свабодна і спакойна. Не разгубілася Галіна Аляксандраўна і тады, калі атрымала ў 1995 годзе прапанову змяніць месца работы – стаць даяркай. Гэта не так проста: і ўстаць трэба ў 5 гадзін раніцы, і вяртацца даводзіцца позна вечарам. Акрамя таго, – управіцца яшчэ і дома, дзе хлеў не пустуе… Трэба было падумаць. Падумала… Згадзілася. Перавод стаў шчаслівым для працавітай жанчыны. Вось ужо 17 гадоў яна шчыруе на ферме ў Марцаліне.

Першапачаткова работа здавалася цяжкаватай, не ўсё атрымлівалася так, як хацела. Але з гадамі прыйшоў вопыт. “Здаецца, усё жыццё тут прарабіла,” – сцвярджае цяпер Галіна Аляксандраўна. Яе аповяды пра работу можна слухаць бясконца, у чым упэўніўся сам, калі гутарыў з жанчынай у цянёчку пад вінаградам. Душэўна расказвае даярка пра сваіх рагуль: Волгу, Рамашку, Венеру ды іншых. “З імі трэба па-добраму, як з людзьмі, – тлумачыць мая суразмоўца. – Пагаварыць, пагладзіць за вушкам. Каровы ўсё разумеюць.”

Сваю гаспадыню рагулі любяць і ніколі з малаком не падводзяць. У 1998 годзе з Волгай і Венерай Галіна Дрозд ездзіла нават на абласную выстаўку, адкуль вярнулася, безумоўна, не без узнагарод. Гэтыя каровы давалі тады па 6 з нечым тысяч літраў малака ў год. Далей – болей…

Цэлы стос грамат, дыпломаў за розныя поспехі расклала перада мной заслужаная даярка – разбірайце, чытайце, дзе тут што ды за што. Кіраўніцтва Белавежскага не раз узнагароджвала Галіну Аляксандраўну за дасягненні. Цяпер яе дом вельмі ўтульны – ёсць тут і плазмавы тэлевізар, і сучасная швейная машынка, шмат іншай бытавой тэхнікі. Поспехам гэтай жанчыны можна толькі парадавацца. Працавітасці навучылася яна ў сваёй вялікай сям’і, дзе ўсе дапамагалі адзін аднаму.

Шмат разоў імя Галіны Дрозд заносілі на Дошку гонару. У 2006-м яна была ўзнагароджана ўрадавым медалём “За працоўныя заслугі”. Ужо год, як Галіна Аляксандраўна на заслужаным адпачынку, але працаваць працягвае, а 15 ліпеня яна святкавала свой дзень нараджэння.

Такая яна, наша лепшая даярка… Дабра, шчасця, здароўя табе, Галя!

Станіслаў ФІЯЛКОЎСКІ.

НА ЗДЫМКУ: Галіна Дрозд з унучкай Камілай (злева) і пляменніцай Ірай.

Фота МІколы ШУМА.

Добавить комментарий