В «Колоске» тепло и уютно

Калі была малая, не любіла хадзіць у дзіцячы садок, бо там патрэбна есці манную кашу, піць какаву “з плёначкай” і спаць у абед… Зараз жа з вялікім задавальненнем туды вярнулася б. Тым больш, што ўмовы знаходжання ў садку вельмі розняцца з тымі, калі мне было пяць гадкоў…
У адной установе дашкольнай адукацыі (а іх, між іншым, у раёне 20: 10 – ясляў-дзіцячых садкоў і 10 – дзіцячых садкоў) нядаўна пабывала. Яна ўжо чатыры гады запар з’яўляецца лепшай у раёне. Гэта – Раснянскі яслі-дзіцячы сад “Каласок”, загадчыца якога Галіна Раманаўна Сопат мае вялікі вопыт работы, прыемная суразмоўца. Усяго ж займаюцца выхаваннем малых тут 11 педагогаў, сярод якіх адзін малады спецыяліст, астатнія выхавацелі са стажам работы не адзін год.
У “Каласку” 66 дзетак, якія наведваюць чатыры групы: адну – рознаўзроставую і тры – садавыя. Дашкаляты займаюцца па агульнавядомай праграме “Пралеска”, заняткі па якой праводзяцца, пачынаючы з ясельнай групы. Акрамя абавязковай праграмы, для дзяцей “Каласка” арганізаваны чатыры платныя паслугі, так званыя “Аб’яднанні па інтарэсах”. Дванаццаць выхаванцаў наведваюць аб’яднанне па фізічнай культуры “Кенгуру”, дзе на фітболах (вялікія гумавыя мячы з ручкамі) займаюцца аздараўленчай дзейнасцю. Адзінаццаці дзецям дапамагаюць падрыхтавацца да школы, а таксама развіць мысленне, уяўленне і памяць. А вось у аб’яднанні па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве лепяць з гліны, малююць і выразаюць… Дарэчы, сцены дзіцячага садка ўпрыгожаны рукамі выхавацеля Веры Радышка, якая перадае свае веды і навыкі 15-і дзецям, што прыходзяць да яе на заняткі. А яшчэ адзінаццаць дзетак-паліглотаў маюць магчымасць вывучаць замежную (англійскую) мову, якую выкладаюць настаўнікі са школы. Адно дзіця можа наведваць адначасова максімум два аб’яднанні па інтарэсах (такім чынам дзіцячы арганізм не перагружаецца). Кожныя паўгода ў бацькоў ёсць магчымасць пазнаёміцца з тым, чаму навучыліся іх дзеці і за што заплачаны грошы. Для гэтага праводзяцца так званыя справаздачы, дзе да ўвагі прысутных прадастаўляецца ўсё зробленае ці вывучанае за пройдзены перыяд.
Акрамя пералічанага, у садку ёсць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, які наведваюць 29 дзяцей. Сюды ж прыходзяць і вучні 1-2 класаў школы. На ўсе святы кожная група рыхтуе сваё мерапрыемства, а потым усё складаецца ў агульны канцэрт. З некаторымі нумарамі дзеці выступаюць на “вялікай” сцэне ў Камянецкім ГДК.
Гэта ўсё паведаміла Галіна Раманаўна, а потым прапанавала экскурсію па дзіцячым садку, каб можна было ўбачыць усё на свае вочы. Адразу заўважыла дыпломы, граматы і падзякі, што вісяць ля дзвярэй кабінета загадчыцы. Па словах Галіны Раманаўны, гэта зроблена па прынцыпу сталічных садкоў (там яна нядаўна пабывала на курсах) для таго, каб бацькі бачылі, у якую ўстанову збіраюцца аддаць дзіця. Тут і першыя месцы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, па рэйтынгу сярод дзіцячых садкоў раёна. Акрамя таго, стала вядома, што раснянскі “Каласок” прыняў удзел у абласным конкурсе “Лепшы сельскі дзіцячы сад”…
Галіна Сопат звярнула маю ўвагу на сцены. Наколькі ўсё зроблена з любоўю (пра Веру Радышка напісана вышэй). Работнікі дзіцячага сада самі шукаюць у магазінах шпалеры, клеяць, увогуле, робяць рамонт. А вось капітальны еўрарамонт харчблока падчас наведвання “Каласка” падыходзіў да свайго лагічнага завяршэння. Усё зроблена за сродкі адкрытага акцыянернага таварыства “Белавежскі”, за што адміністрацыя дашкольнай установы, бацькі і дзеці вельмі ўдзячны генеральнаму дырэктару Юрыю Марозу. Дарэчы, Юрый Дзмітрыевіч неаднаразова прыязджаў, каб асабіста кантраляваць працэс рамонту. Таксама паабяцаў, што ў адрамантаванае памяшканне паставяць усё новенькае абсталяванне, каб дзеці ні ў чым не адчувалі патрэбы. Калі зазірнула за новыя еўрадзверы, то хлопцы-будаўнікі дакладвалі апошні рад прыгожай бэжавай пліткі…
Падчас экскурсіі пабывала ў старэйшай і малодшай групах. Старэйшыя дзеці былі заняты кожны сваёй справай. Ля вялікага дзіцячага люстра сядзела дзяўчынка, а вакол яе завіхалася сяброўка, якая на час ператварылася ў цырульніка. Побач за “кавай” ціхую бяседу вялі дзве «буфетчыцы». А тым часам за бяспекай свайго дзіцячага садка, а таксама яго наведвальнікаў, сачыў хлопчык-«ваенны». Запісацца на прыём да «ўрача» можна было ў рэгістратуры, дзе сваю “змену” адпрацоўваў вельмі сур’ёзны рэгістратар. А ў «магазіне» пакупнік набываў агуркі за сапраўдныя грошы, толькі купюрамі малой вартасці. На варце ўяляемага карабля стаяў капітан-мараход… Усё гэта – ролевыя гульні, якія вельмі дапамагаюць дзецям сур’ёзна адносіцца да працы дарослых, а таксама развіваць лагічнае мысленне.
А вось у малодшай групе якраз праходзілі тэатральныя рэпетыцыі казак аб трох парасятах і чароўнай рукавіцы. А потым дзеткі прадэманстравалі сваё ўменне ціхенька сядзець на мягкай канапе і разглядаць падручнікі з малюнкамі…
Прыйшоў час абеду. Для дзяцей пачалі накрываць сталы ў спецыяльна адведзеным для гэтага памяшканні – сталоўцы. Калі зазірнула за дзверы, то на імгненне нават здзівілася: дарослым тут дапамагалі дзве маленькія дзяжурныя, у абавязкі якіх уваходзіла правільнае раскладванне сталовых прыбораў…
Не магла не засяродзіць увагу на спартыўнай міні-зале, а калі быць больш дакладнай, то на тым інвентары, што ёсць тут, пачынаючы ад кегляў і заканчваючы спецыяльнымі маленькімі спартыўнымі матамі для кожнага дашкольніка.
Экалагічны кабінет уразіў колькасцю кветак розных відаў. А вось кабінет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – прыгажосцю (у прамым сэнсе). Гэта немагчыма апісаць, гэта трэба ўбачыць самому, каб ацаніць сапраўдны талент майстроў…
Цяпер зразумела, чаму дзетак возяць сюды аж з Макарава, Пагранічнай, Вярхоў, Лумны, мінаючы часам два садкі. А ўсё з-за таго, што тут створаны ўсе ўмовы для малых: чатыры ізаляваныя адна ад адной групы, асобныя памяшканні для сну і гульняў, музычная зала, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі… Я таксама пайшла б у такую дашкольную ўстанову, і нават з’ела б манную кашу…

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара

Добавить комментарий