В библиотеке есть что почитать и на что посмотреть

Няма, напэўна, чалавека, які на пытанне “Вы чыталі калі-небудзь “Вечера на хуторе близ Диканьки” Мікалая Гогаля?”, адказаў бы “Не”. Гэты твор вельмі папулярны, экранізаваны некалькі разоў, нават пераўтвораны ў мюзікл. Усе ведаюць гэта. А вось ці ведаеце вы, паважаныя чытачы, што яму споўнілася сёлета 180 гадоў?..
Я не ведала б і сама, калі б не патрапіла ў Высокаўскую дзіцячую бібліятэку, дзе наладжана надзвычай арыгінальная выстава “Кнігі-юбіляры 2012”. Побач з гэтым творам Гогаля на палічках размясціліся яго “Мертвые души” (170 гадоў), а таксама “Хижина дяди Тома” Гарыэт Бічэр-Стоу (160), “Принц и нищий” Марка Твэна (130), “Чалавек ідзе” Янкі Маўра (85) і іншыя.
Бібліятэкар-бібліёграф першай катэгорыі Наталля Клімчук (на здымку) ахвотна знаёміць з выданнямі-юбілярамі, да кожнага з іх прымацаваная кветачка з паперы, на якой адзначаны ўзрост. “Некаторыя кнігі, неабходныя для выставы, былі толькі ў нашай гарадской бібліятэцы, – расказвае Наталля, – але калегі з радасцю падзяліліся імі з намі, каб маленькія чытачы, якіх тут заўсёды многа, маглі патрымаць у руках гэтыя выданні, пагартаць, а, магчыма, і ўзяць з сабою.”
Наталля Клімчук скончыла ў свой час Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, а потым – універсітэт культуры ў Мінску завочна (спецыяльнасць – “Бібліятэкар-бібліёграф. Менеджар”). Ужо 6 гадоў яна працуе ў дзіцячай бібліятэцы разам са старэйшай, вопытнай калегай Таццянай Сяргееўнай Марынчук і не шкадуе аб выбары прафесіі. “З дзецьмі і лёгка, і складана адначасова, – гаворыць Наталля. – Але весела заўсёды! Кожны дзень хочацца ісці на работу, а гэта вельмі добры паказчык. Мы супрацоўнічаем яшчэ і з мясцовым дзіцячым садком, перадаём туды кнігі, якія ніколі не вяртаюцца некранутымі. Да мастацкага слова трэба прывучаць з малых гадоў.”
У самой бібліятэцы таксама ёсць на што паглядзець. Безліч выстаў… Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае, напрыклад, прадстаўляе на суд гледача вышыўкі і карціны. Выстава “Свет з Богам” прапаноўвае дзіцячыя выданні рэлігійнага зместу, якімі, са слоў Наталлі Клімчук, дзеці актыўна цікавяцца. А зусім побач расце “Цуда-дрэва Карнея Чукоўскага”, на галінках якога размясціліся заданні па творчасці гэтага дзіцячага аўтара: адгадай загадку, закончы радок, пазнай казку… Асобныя куткі адведзены пад выставы “Прыйшла вясна-красна” і «Высокае: мінулае і сучаснае» (фатаграфіі).

Настасся НАРЭЙКА

Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий