Вы дачыталі дзяцінства кнігу…

6 лістапада ў Камянецкім гарадскім Доме культуры прайшоў традыцыйны Дзень прызыўніка, падчас якога больш за 60 маладых людзей атрымалі павесткі на праходжанне тэрміновай ваеннай службы і службы ў рэзерве ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і іншых войсках і воінскіх фарміраваннях.

У адказны і дарослы шлях юнакоў прыйшлі адправіць настаяцель Свята-Праабражэнскай царквы в.Трасцяніца протаіерэй Міхаіл Калеснік, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Валянціна Маеўская, першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Ірына Гендзель.

Кожны з выступоўцаў гаварыў аб тым, што перад юнакамі цяпер стаіць адказная задача – абараняць Радзіму і блізкіх. Айцец Міхаіл, напрыклад, нагадаў аб тым, што Радзіма – гэта святое, і трэба заўсёды памятаць аб гэтым, а таксама аб тым, што цяпер яны ў адказе за тых, хто застаецца дома. А Ірына Аляксандраўна гаварыла аб тым, што “дзякуючы спецыфічнаму ўкладу вайсковага жыцця, менавіта армія застаецца тым інстытутам сацыялізацыі, дзе вядзецца актыўнае выхаванне патрыётаў нашага грамадства, а ў моладзі – любові да сваёй Радзімы”. Валянціна Васільеўна, у сваю чаргу, узгадала тых, дзякуючы каму сёння мы жывём пад мірным і чыстым небам – ветэранах, якіх, на жаль, з кожным днём становіцца ўсё менш, і параўнала маладых людзей з імі, бо цяпер на плячах юнакоў ляжыць вялікая адказнасць за мір.

Маці аднаго з прызыўнікоў Ірына Шахоўская з ноткамі суму, хвалявання і гонару ў голасе сказала наступнае: “Сапраўдны мужчына павінен умець абараняць тое, што дарагое яго сэрцу: Радзіму, бацькоў, блізкіх і каханых дзяўчат”. І пажадала, каб разам з маладымі людзьмі заўсёды побач былі вера, надзея і любоў.

Ад імя прызыўнікоў выступіў Аляксандр Парафенюк. З яго вуснаў прагучалі словы ўдзячнасці бацькам і настаўнікам, якія вывелі ў дарослае жыццё. “Зусім нядаўна мамы вялі нас у першы клас, а вось зараз мы адпраўляемся ў сапраўднае дарослае жыццё. Гэта, безумоўна, сумны момант, але вельмі важны для кожнага. Цяпер кожны хлопчык становіцца мужчынам. Будзьце гатовы прыняць нас, сваіх сыноў, крыху іншымі, дарослымі”. Аляксандр паабяцаў ад імя кожнага прызыўніка, што з годнасцю будзе несці службу ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А сваім “калегам” пажадаў, каб паўтара года прайшлі, як адзін дзень.

Падчас урачыстага мерапрыемства было сказана многа шчымлівых і шчырых слоў і з вуснаў вядучай, а са сцэны гучалі песні, якія ўжо зараз настройвалі маладых людзей на адказны шлях, што чакае іх наперадзе.

Потым ваенны камісар Камянецкага раённага ваеннага камісарыята Юрый Самашук распачаў самае важнае і адказнае – уручэнне павестак. Маладыя людзі з гонарам прымалі з рук Юрыя Мікалаевіча важны для кожнага мужчыны дакумент.

Першы аўтобус з прызыўнікамі асенняга прызыву-2012 адправіцца ад камісарыята ўжо 16 лістапада. Усяго ж плануецца гэтай восенню адправіць на тэрміновую службу і службу ў рэзерве ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь і іншыя войскі і воінскія фарміраванні каля 60-і чалавек.

Вось і ўсё, юнакі дачыталі сваю кнігу дзяцінства, наперадзе новая – пад назвай “Дарослае жыццё”. Цяпер час падумаць аб тых, хто застаецца “на гражданке”. Што ж, у добры шлях. Няхай першая старонка новай кнігі прынясе вам менавіта адчуванне таго, што на вас спадзяюцца вашы родныя, блізкія і любыя…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий