Высокаўскія кавалі

IMG_1434Няўрымслівы і прадпрымальны Васіль Марынчук аднавіў паўзабытае рамяство

Яно мае сучасную адметнасць – стварэнне дызайнерскіх вырабаў прыкладнога прызначэння, трывалых і прыгожых. Аднак самым надзейным кавальска-штамповачным абсталяваннем для іх вытворчасці гаспадар па-ранейшаму лічыць металаёмістае, савецкае, хоць і былое ва ўжытку, набытае для майстэрні на таргах-распродажы ў Бярозе, а таксама купленае ў Яраслаўлі.

Створаны чатыры рабочыя месцы. Вось-вось у Высокае будзе дастаўлены яшчэ адзін кавальскі станок, і ўжо сёння Васіль Васільевіч заклапочаны пошукам яшчэ аднаго каваля, якому можна даверыць адказную работу, а таксама – яго памочніка. Майстравітыя людзі, пэўна, звернуць увагу на такія вакансіі.

З першымі творамі Васіля Марынчука і яго маладых аднадумцаў высакаўчане змаглі нядаўна азнаёміцца ў… гарадскім скверы: да Дня горада зроблены падарункі – надзвычай прыгожыя і зручныя лаўкі, аздобленыя ажурным металічным узорам і нават пяшчотнымі кветкамі. Побач – стылізаваныя сметніцы таксама ручной работы. Гэта прэзенты землякоў-прадпрымальнікаў Мікалая Карунца, Сяргея Калешкі, Генадзя Лісічыка, набытыя ў майстэрні. Прыклад зыходзіў ад Васіля Марынчука. Прасторавыя магчымасці часткі сквера дазваляюць яшчэ дваім-траім шчодрым высакаўчанам стаць мецэнатамі. Імянныя падарункі роднаму гораду – здорава!

А першым буйным заказам у кавальскай майстэрні стаў выраб металічнай агароджы для храма ў Відамлі. Праца творчая, умелая коўка і пракатны станок дазваляюць увасабляць мастацкія задумкі паводле эскізаў, каб не адно дзесяцігоддзе радавала застылае ў метале карункавае хараство. Нямала работы тут і для электразваршчыка. Затым нас­тае час афарбоўкі…

Некалькі трапных рухаў маладых майстроў – Ігара Лукашэвіча і Аляксандра Марынчука – ператвараюць лапік «жалеза» ў прыгожы і вечны дубовы ліст або кветкавы пялёстак. З Брэста прывозяць метал для работы. Спаўна выкарыстоўваецца яго здольнасць дэфармавацца пластычна без разбурэння. Прымяняецца плазмарэз. Трубы выгінаюць на спецыяльным абсталяванні, даволі рэдкім. Часта карыстаюцца пракатам паласы. Многія вырабы майстры пакрываюць пацінай – зеленавата-карычневы налёт надае ім выгляд старадаўніх.

Для кавальскай апрацоўкі тут і машынная коўка з ковачным молатам, і ручная – горн, кавадла і кувалда. Па індывідуальнаму заказу, шляхам ручной, машыннай ці мастацкай коўкі высокаўскія кавалі зробяць агароджу, браму, поручні, навес, свяцільні і нават мэблю для дома і саду, прадметы інтэр’еру…

Побач з майстэрняй – невялікі прычэп, куды трапляюць усе металічныя адходы, каб быць здадзенымі як металалом. Яшчэ адзін нюанс гаспадарчасці – неад’емнай рысы прадпрымальнага чалавека. Кажуць, ім трэба нарадзіцца. А яшчэ – дасканала ведаць сваю справу, быць гатовым да штодзённай працы з пераменным поспехам.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

1 thought on “Высокаўскія кавалі

Добавить комментарий