Высокае. “Добрыя сустрэчы”. Перазагрузка

IMG_7940Не ведаю, як вы, а я вельмі люблю адрыўныя календары, тыя самыя, яшчэ бабуліны. Напрыканцы кожнага года набываю новы і перш-наперш адгортваю першую нядзелю студзеня, каб ля даты (сёлета гэта было 31-е чысло) паставіць вялікі клічнік і напісаць два словы “ДОБРЫЯ СУСТРЭЧЫ”. Высокаўскі канцэрт-прысвячэнне, які немагчыма прапусціць…

Сёлетняе культурнае свята самага заходняга горада Беларусі абяцала шмат сюрпрызаў хаця б з той прычыны, што было юбілейным, пятым па ліку. І першы чакаў адразу на ўваходзе. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць столькі прыстаўных крэслаў у глядзельнай зале!

Уражвала і колькасць артыстаў, заяўленых у афішы. У Высокага сапраўды вельмі шмат сяброў! Калі ўсе яны выйшлі на сцэну на пачатку канцэрта, каб прывітаць гледачоў, міжволі падумалася: “Нішто не яднае людзей так, як традыцыі”. І гэтае маё меркаванне пацвердзілі словы натхняльніка і арганізатара аўтарскага цэнтра “Добрыя сустрэчы” Алега Грыпічука:

– Усе гэтыя пяць гадоў мы заставаліся вернымі традыцыям, якія самі ж і стварылі. Першыя «Добрыя сустрэчы», што адбыліся 29 студзеня 2012 года, прысвячаліся міру і сяброўству паміж людзьмі, другія – дабрыні і веры, трэція – любові і вернасці, чацвёртыя – дому і сямейнаму ачагу. А пятыя будуць зусім іншыя. Нас чакае перазагрузка. Мы станем іншымі і абавязкова – лепшымі!

Разам з Алегам Барысавічам канцэрт вялі Ірына Вярэніч, Ірына Дубінская і Аляксей Голікаў. Прычым, дэбют апошняга быў проста бліскучы – мора імправізацыі!

Усіх без выключэння артыстаў высакаўчане сустракалі, як родных. Напэўна, немагчыма лепш ахарактарызаваць настрой гледачоў.

Выступілі Сяргей Карпаў з Белавежскага (ён жа музычны кіраўнік канцэрта), Юлія Логвін з Брэста, усімі любімыя танцавальныя калектывы “Тандэм” (кіраўнік – Ларыса Табольчык), “Капрыз” (Валянціна Крывец), “Непаседы” (Ларыса Нічыпарук, Наталля Данілюк). Прызнаюся: не магла не спадзявацца на тое, што раснянскія артысты выканаюць сваё цудоўнае “Венецыянскае танга” – і мне пашанцавала!

Парадавалі выдатным вакалам высакаўчанкі Святлана Васільева, Ганна Пацяйчук, Кацярына Крук, Ганна Серафімовіч, Алена Несцерава і самая маленькая ўдзельніца “Добрых сустрэч” Эвеліна Лук’янюк (ёй на самой справе больш падыходзіць імя “утибоземой”, як зазначыў дасціпны вядучы).

Сястрычкі з Белавежскага Арына і Ева Кірыковіч з непадробнай дзіцячай шчырасцю прачыталі іранічны верш «Нужен нам матриархат», напісаны адным з пастаянных гледачоў канцэрта, што пажадаў застацца невядомым.

Не абышлося, вядома, і без выступленняў брастаўчан Анатолія Ламачэўскага і Марыі Жыцінёвай, салісткі Белдзяржканцэрта Ганны Місевіч, клуба творчай моладзі “Свой круг” (кіраўнік – Ірына Вярэніч), танцавальнага калектыву “Магія” (Сняжана Курбанава), Васілія Палокі з Белавежскага, саксафаніста Мікалая Громіка, Аляксандра і Марыны Чорных з Мінска, юнага дэбютанта “Добрых сустрэч” Дзмітрыя Шымбарэвіча з Брэста, Ангеліны Піпер і яе шоу-балета.

Аляксандр Шчасюк з Жабінкі прывёз з сабой усю сваю сям’ю: жонку, сына і дачку. У выкананні іх квартэта (прычым, дзяўчынка іграла на ўдарных) прагучалі тры музычныя творы. Выканальніца рамансаў Таццяна Калтынаева з Брэста ўнесла ў святочную праграму цыганскія ноткі, а Павел Шаліпук і Ігар Муха лёгка наладзілі дыялог з залай і арганізавалі сумесныя спевы.

Выступіў і кіраўнік брэсцкага гурта “ДрамРокСтудио” Ігар Пашэчка, з якім добра знаёмыя многія ў нашым раёне, асабліва тыя, хто быў улетку на “Камянецкім драйве”.

Яшчэ адной “разыначкай” канцэрта стала выступленне Віталія Пракаповіча і ўдзельніцы тэлепраекта “Я спяваю!” Софіі Саўчук-Махфудзін з Брэста. А песня Канстанціна Нікольскага “Музыкант” у выкананні высакаўчанкі Алены Зайцавай стала сапраўдным спектаклем аднаго акцёра.

Напрыканцы свята прагучаў гімн “Добрых сустрэч” пад назвай “Прыдумай свет”. Пасля яго са сцэны да ўсіх-усіх звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Громік, старшыня гарвыканкама Мікалай Сачык і дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі Таццяна Калтынаева. Цёплыя словы сагравалі і дарылі надзею на тое, што не за гарамі новыя “Добрыя сустрэчы”. І мне будзе што напісаць на лістку адрыўнога календара з датай 29.01.2017-га…

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

(больше фото — здесь)

Добавить комментарий