Выбар — вёска

Галоўны інжынер гаспадаркі Вячаслаў Чыжэўскі ні хвіліны не сядзіць на месцы. Мяркуйце самі: на яго плячах ляжыць адказная задача – сачыць за тым, каб уся сельгастэхніка СВК “Агра-Ніва” заўсёды была “на колах”…

Вячаслаў Іванавіч родам з вёскі Гарадзечна Пружанскага раёна. Вучыўся ў мясцовай сярэдняй школе, прычым, адзнакі ў яго дзённіку заўсёды былі станоўчымі. Пасля заканчэння школы ў 1983 годзе паступіў у Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум на аддзяленне механізацыі. Далей была служба ў ракетных войсках у Калінінградскай вобласці – да 1986 года. Падчас службы атрымаў званне малодшага сяржанта, а калі звальняўся ў запас, – старшыны. Вярнуўшыся дадому, вырашыў, што будзе давучвацца ў той жа ўстанове (калі пайшоў у армію, браў акадэмічны водпуск). Пасля тэхнікума ў маладога чалавека быў “вольны” дыплом, з гэтай прычыны ён сам змог выбраць месца размеркавання – калгас імя Дзяржынскага Камянецкага раёна. Так, у 1988-м Вячаслаў стаў загадчыкам майстэрні. Потым – брыгадзірам трактарнай брыгады, а з 1999-га Вячаслаў Іванавіч – галоўны інжынер гаспадаркі.

У тым годзе, калі прыехаў па размеркаванні на працу, пазнаёміўся з будучай жонкай Наталляй, з якой ажаніўся праз год. У 1992 годзе кіраўніцтва гаспадаркі дало маладым дом з усімі выгодамі. У сям’і двое дзяцей: дачка Юлія – студэнтка Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і сын Аляксандр – навучэнец Высокаўскага сельгаскаледжа.

Вось такая гісторыя аб чалавеку, які выбраў часовае месца жыхарства, што стала для яго другім домам…

Добавить комментарий