Воспоминания возвращают на передовую…

З кожным годам Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь сустракаюць усё менш і менш сведкаў той страшнай, кровапралітнай вайны, з якой не вярнуўся кожны трэці жыхар Айчыны. У нашым раёне іх засталося толькі каля 110 чалавек. На тэрыторыі Дзмітровіцкага сельсавета сёння жыве 11 ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай, якія дагэтуль памятаюць тыя дні, калі з баёў не вярталіся іх сябры-аднапалчане. Да аднаго з іх завітала напярэдадні свята. Вось аповяд ветэрана вайны і працы Пятра Лявонцьевіча Парафенюка.
“Нарадзіўся я ў 1923 годзе. Калі пачалася вайна, то мне было васямнаццаць гадоў. Калі першы нямецкі снарад трапіў у Каменец, то наша сям’я жыла ў Шышове. На той час там было каля 90 гаспадарак. У кожнага – свая зямля, каровы, коні. Але тады яшчэ ніхто не ведаў, што пачалося наступленне. А потым паляцелі “рамы”… У нашай вёсцы падчас ваенных дзеянняў былі фашысты. Жылі яны ў маёнтку былога памешчыка Матусевіча. На той час там жыў яго сын. Немцам у вёсцы ніхто не прыслужваў, а вось партызанам дапамагалі, хто чым мог. Падчас баявых дзеянняў вёску разбурылі, таму сям’я перайшла жыць на хутар Смуга. Ужо адтуль у 1944-м, на пятыя суткі пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў, мяне прызвалі ў армію. Запытаеце, чаму не забралі адразу пасля пачатку вайны? На той час я ажаніўся, а жанатых не бралі. Але прыйшла і мая чарга. Таму мой першы сыночак нарадзіўся без мяне. Памятаю, як зараз, сабралі нас, усіх яшчэ не салдат, але ўжо і не грамадзянскіх, каля касцёла ў Каменцы. Многа нас было і старэйшых, і малодшых. Адтуль пешшу адправілі пад Бярозу. Праз два дні вандроўкі пачалі “сарціраваць”: хто быў з 1907-га і старэйшыя – адправілі назад, дадому, а ўсіх астатніх – на вучобу ў Волагду.Туды мы дабіраліся на цягніку. Там жа прымалі прысягу на вернасць Радзіме. Усё працягвалася каля двух месяцаў. Пасля вучобы я трапіў на фінскую вайну, служыў у пяхоце кулямётчыкам. У мяне быў аўтамат ППШ. Тады яго лічылі грознай зброяй, бо ў дыску – 72 патроны. А далей былі Карпаты. Увесь час полк, у якім служыў, знаходзіўся на перадавой. За кароткі час маёй ваеннай службы быў у трох палках, бо пасля жорсткіх баёў гінула шмат салдат, і нас расфарміроўвалі ў іншыя, дзе колькасць была большай. Зімой 1945-га, калі нашы ўзялі Буду, а баі за Пешт працягваліся, мяне кантузіла. Трапіў у шпіталь, дзе лячыўся амаль тры месяцы. Пасля выпіскі ўжо не мог быць у страявой, таму абараняў заваяваныя млыны, адкуль муку адпраўлялі на фронт. Спачатку былі ў горадзе Бельск-Бялы. Там знаходзіўся вялікі “амэрыканьскі млын паровы”. Аднойчы на яго было ўчынена “пакушэнне”. Нямецкі лётчык меў намер стрэліць у пабудову, але прамахнуўся і трапіў у вугаль, што ляжаў побач. Вялікую Перамогу сустракаў на абароне млына ў горадзе Водзіславе. Памятаю, колькі радасці было ва ўсіх. У мяне нават фотаздымак зроблены са святкавання гэтага памятнага дня, але з часам ён недзе згубіўся… Шмат сяброў загінула на той праклятай вайне, але памяць назаўжды захавала іх імёны і твары ў маім сэрцы, яны са мной назаўжды…”
Пасля ўспамінаў аб той далёкай і такой блізкай яму Вялікай Айчыннай Пётр Лявонцьевіч маўчыць. І я маўчу, а што можна гаварыць, калі па вачах дзядулі бачу, што ён зноў і зноў “пракручвае” тыя дні ў сваёй памяці… А тым часам гляджу на піджак ветэрана, дзе паблісквае больш за дзясятак узнагарод розных часоў і за розныя заслугі, у тым ліку ордэн Вялікай Айчыннай вайны. Але найбольшы гонар, мабыць, выклікае медаль “За адвагу”. Як даведалася, яе Пётр Лявонцьевіч атрымаў за тое, што разам з трыма аднапалчанамі знялі з трасы, па якой рухаўся полк, кулямётчыка, якога пакінулі нямецкія ваякі для абстрэлу нашых салдат.
Пасля вайны 35 гадоў ветэран працаваў механізатарам. Неаднаразова быў перадавым трактарыстам у гаспадарцы, а аднойчы разам са сваім старэйшым сынам заняў прызавое месца ў вобласці на ўборцы зерневых, атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. А ў 2005 годзе быў узнагароджаны Патрыяршай граматай з нагоды 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг, падпісанай Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі. На той час Пётр Лявонцьевіч прыслужваў у мясцовай царкве.
Наша сустрэча скончылася, а я дагэтуль успамінаю вочы старэнькага дзядулі, якія бачылі жорсткасць, смерць, горыч паражэнняў, радасць Перамогі… Дагэтуль у яго ёсць надзея, што больш не паўторыцца такое ліхалецце на нашай роднай зямлі.

Наталля ГРЫЦУК
Фота аўтара
і з сямейнага архіва ветэрана

Добавить комментарий