Виктория! Или как становятся «Учениками года»…

Віка Чыкідзюк вучыцца ў Вярховіцкай сярэдняй школе, і зусім хутка для яе празвініць апошні, хвалюючы званок. У новае, дарослае, жыццё гэтая дзяўчына ўступае ўпэўнена. З той прычыны, што мае перад сабой акрэсленую мэту – стаць урачом, а на няпростай дарозе да яе Вікторыі вельмі дапамогуць веды, набытыя ў школе (дзяўчына, дарэчы, прэтэндуе на залаты медаль), актыўная жыццёвая пазіцыя і… ганаровае званне “Вучань года 2012”, якое працавітая, адораная вучаніца атрымала на аднайменным раённым конкурсе.
Спярша Віка прайшла адборачны тур, у якім удзельнічалі 11 вучняў з 11-і школ Камянеччыны, і стала адной з шасці шчасліўчыкаў, што выйшлі 12 мая на сцэну Дома культуры райцэнтра. Вось імёны астатніх пяці: дзесяцікласнікі Марына Курняўка з Высокаўскай СШ і Валянцін Фядыніч з Турнянскай СШ, адзінаццацікласнікі Максім Ліцкевіч з СШ №2 г.Каменец, Ксенія Вайцяхоўская з Камянюцкай СШ і Крысціна Новік з гімназіі г.Каменец.
Чатыры этапы аддзялялі ўдзельнікаў конкурсу ад ганаровага звання лепшага вучня 2012 года. Першы, “Маё пытанне – ваш адказ”, прадугледжваў праверку ўзроўню эрудыцыі. Падчас яго патрэбна было хутка адказваць на пытанні з самых розных галін ведаў. Часам трапляліся сярод іх і жартоўныя. Як вам, напрыклад, такое: “Чем заканчиваются день и ночь?” Памятаю, пасля яго ў зале павісла маўчанне, а ўдзельнік, якому дасталося такое пытанне, знайшоў адказ ужо праз некалькі секунд. Паспрабуйце і вы, паважаныя чытачы!
Больш за ўсіх балаў у гэтым конкурсе атрымала Крысціна Новік, якая з 19-і пытанняў адказала правільна на ўсе, за выключэннем аднаго. Парадавалі сваімі вынікамі і астатнія разумнікі і разумніцы, а наша будучая пераможца дала 12 правільных адказаў.
Наступны этап правяраў тое, наколькі добра ведаюць юныя эрудыты гісторыю роднага краю. 10 пытанняў, 5 хвілін на роздум – і вось папкі з адказамі ўжо ў руках журы. Падлік балаў паказаў, што лепшым знаўцам гісторыі Камянеччыны з’яўляецца Вікторыя Чыкідзюк. У яе – 11 балаў, наступнага ўдзельніка аддзялялі ад вучаніцы з Вярховіцкай СШ цэлыя тры балы!
Трэці этап конкурсу называўся “Мой любімы прадмет”. Беларуская мова (двойчы), нямецкая мова,матэматыка, фізіка і руская літаратура – менавіта іх выдзелілі з багатага раскладу школьных урокаў нашы ўдзельнікі.
Марына Курняўка выйшла на сцэну ў народным касцюме, і зусім натуральна гучала з яе вуснаў прыгожая, пяшчотная беларуская мова. Вобразы нашых народных пісьменнікаў, краявіды роднай краіны праплывалі перад вачамі пад цудоўную музыку, адлюстроўваючыся на слайдах. А на заключэнне Марына прачытала свой верш…
У любові да роднай мовы на конкурсе “Вучань года” прызнавалася таксама і Крысціна Новік, якой дапамагалі ў гэтым сябры. Разам з удзельніцай конкурсу яны разыгралі сцэнку кірмашу, поўную гумару і песень.
Нямецкую мову называе сваім любімым прадметам Ксенія Вайцяхоўская. Дзяўчына не толькі гаворыць на ёй выдатна, але яшчэ і спявае. Яе песня пра каханне, пад якую танцавалі маленькія вучні з крылцамі за спінай, зачаравала ўсю залу. А на слайдах мы, гледачы, маглі бачыць славутыя мясціны Германіі.
Валянцін Фядыніч распавядаў пра каралеву навук – матэматыку, а дакладней, пра лічбы. Сімвалічнай для сябе ён лічыць васьмёрку, якая ўяўляе сабою перавернуты знак бясконцасці і паўсюль у жыцці суправаджае юнака. Мяркуйце самі: у сям’і Валянціна 8 чалавек, любімы яго месяц – жнівень, восьмы па ліку, жыве ён у доме пад нумарам 17 (а 1+7=8), да школы ад гэтага дома 800 метраў, да дзвярэй яе вядуць 8 прыступак… І гэта яшчэ не ўсё. Лічбы, а значыць, і матэматыка, заўсёды побач з намі.
Рускай літаратуры даўно аддала сваё сэрца Вікторыя Чыкідзюк. Яна расказала аб захапленні гэтым прадметам вельмі неардынарна: паспрабавала сябе ў ролі гераінь любімых кніг. Была яна і Таццянай Ларынай, і Наташай Растовай, і булгакаўскай Маргарытай з жоўтымі кветкамі ў руках.
А Максім Ліцкевіч асабліва паважае фізіку. Асобныя яе законы ён паказаў гледачам на практыцы. Ці ведаеце вы, напрыклад, чаму вада ў шклянцы, змешчаная ў авоську і раскручаная на 360 градусаў, не выліваецца? А Максім ведае!
Ацэньваць конкурс любімых прадметаў было цяжка, аднак, выбар зроблены: максімум балаў набраў апошні ўдзельнік.
Чацвёрты этап конкурсу “Вучань года” ўяўляў сабой самапрэзентацыю захапленняў удзельнікаў. Чым толькі ні займаюцца ў вольны час гэтыя таленавітыя маладыя людзі! Яны і танцуюць, і спяваюць пад гітару свае асабістыя песні, і гатуюць смачныя стравы, і фатаграфуюць, і займаюцца спортам… Ацэньваючы гэты конкурс, журы паставіла выключна высокія балы. Падлік агульнай колькасці іх адразу ж вывеў на першае месца Вікторыю Чыкідзюк, само імя якой наводзіла на думку аб перамозе. Усе ўдзельнікі атрымалі граматы і каштоўныя падарункі, а пераможца – яшчэ і чырвоную стужку з жаданым надпісам “Вучань года 2012”.
Віка збіраецца атрымаць прафесію медыка, якой прысвяціла сваё жыццё маці дзяўчыны. Лепшая вучаніца года жыве ў Каленкавічах, вучыцца ў Вярховіцкай СШ, і цяпер у яе нялёгкая пара. Наперадзе – тэсціраванне, экзамены, апошні званок і выпускны баль. Але, нягледзячы на гэта, Віка знаходзіць час, каб наведваць заняткі па рыторыцы. “Для таго, каб стаць лепшым вучнем года, трэба быць сабой і верыць у свае сілы,” – дзеліцца дзяўчына адным з сакрэтаў свайго поспеху. Няхай жа ён будзе не апошнім!

Настасся НАРЭЙКА

Фота Сяргея АЛЯШЧЭНІ


Добавить комментарий