Вечный огонь в глазах

“Баявы шлях 50-ай Гвардзейскай Данецкай двойчы Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945 гг.)” – так называецца гістарычны матэрыял, які захоўваецца ў музеі баявой і працоўнай славы ў СШ №1 г.Каменец. У падрыхтоўцы яго ўдзельнічалі ветэраны, якія ваявалі ў складзе 50-ай гвардзейская дывізіі.
Так і бачыш, як сядзелі яны за пісьмовым сталом над чыстым лістом паперы, гатовым прыняць праўдзівыя ўспаміны, а думкамі былі бясконца далёка, там – на вайне. Потым працавала машынка, літара за літарай уплятаючы мінулае ў гэтыя, цяпер ўжо зжаўцелыя ад часу, лісты. Ветэраны ведалі, што нішто не вечнае на зямлі, ні яны самі, як гэта ні шкада, ні вайна, дзякаваць Богу. Гэтыя людзі вярталіся ў мінулае, перажывалі яго зноў і расказвалі, каб нешта засталося, каб не згубілася. Наўрад ці яны думалі пра сябе, хутчэй – пра тых, хто застаўся ляжаць у зямлі непераможаным, пра тых, чые імёны згубіліся, але справа засталася. Яны здейснілі свой подзвіг. А пачыналася ўсё так…
Для абароны заваёў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў лютым 1918 года дэкрэтам Савета Народных Камісараў была створана рабоча-сялянская Чырвоная Армія, а ў складзе яе – 15-ая стралковая дывізія, якая прайшла праз грамадзянскую вайну і была тым злучэннем, на аснове якога пазней стварылася 124-ая стралковая дывізія, пераўтвораная ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 50-ю Гвардзейскую дывізію.
15-ая дывізія скончыла свой баявы шлях штурмам Перакопа і за гераізм, праяўлены падчас яго, была ўдастоена ордэна Чырвонага Сцяга. У 1939 годзе на яе базе была створана 124-я стралковая дывізія, якая 22 чэрвеня 1941 года сумесна з 4-ай пагранкамендатурай прыняла на сябе першыя ўдары фашысцкіх захопнікаў. Сілы былі няроўныя, але 124-ая дывізія не адступіла, затрымала-такі на некалькі дзён немцаў. Двойчы савецкія воіны траплялі ў акружэнне, якое паспяхова прарывалі.
Пазней, пасля папаўнення людзьмі і ўзбраеннем, 124-ая дывізія прыняла ўдзел у баях на Кіеўскім накірунку. У 1942 годзе яна ўвайшла ў склад войскаў 21-ай арміі, а пазней – 38-ай. І паўсюль, дзе пабывалі яе воіны, вораг нёс вялікія страты. А потым прыйшло лета… У ліпені немцы ўвайшлі ў вялікую лукавіну Дона, стварыўшы тым самым пагрозу выхаду да Волгі і захопу Сталінграда. Над Радзімай навісла вялікая небяспека. Армія атрымала загад – не дапусціць пераправы праціўніка праз Дон. Гэта было дасягнута дзякуючы таму, што 124-ая дывізія адцягнула на сябе ўвагу немцаў. 27 ліпеня пачаліся кровапралітныя баі, якія цягнуліся амаль чатыры месяцы. 14 кастрычніка гітлераўскае камандаванне аддало загад аб пераходзе сваіх войскаў да абароны, а 19 лістапада пачалося шырокавядомае Сталінградскае контрнаступленне. У ноч з 18-га на 19-га прыйшоў загад намесніка камісара абароны аб пераўтварэнні 124-ай дывізіі ў 50-ую гвардзейскую дывізію. Ужо ў новым статусе яна абараняла Данбас, ліквідавала Нікапольскі плацдарм (за што атрымала званне Сталінскай, ордэны Чырвонага Сцяга і Суворава 2-ой ступені). Пасля быў удзел у аперацыі “Баграціён”. 5 ліпеня 1944 года з удзелам 5-ай дывізіі вызвалены Клецк, 8 ліпеня – Баранавічы (за баі за гэты горад Вярхоўны Галоўнакамандуючы перадаў воінам падзяку), 16 ліпеня – Пружаны. Прыйшоў час вызвалення камянецкіх зямель. У 7 гадзін раніцы 22 ліпеня вызваліцелі ўвайшлі ў наш райцэнтр, 27 – у Высокае. Да мяжы заставалася зусім мала… За Беларуссю прыйшоў час Літвы, а пасля вызвалення гэтай краіны воіны рушылі ў Германію. За ўзорнае выкананне баявых задач ва Усходняй Прусіі дывізія атрымала другі ордэн Чырвонага Сцяга.
У цэлым за гады вайны 50-ая Гвардзейская дывізія прайшла з баямі больш за 11 тысяч кіламетраў, вызваліла звыш 2 тысяч населеных пунктаў. За паспяховыя дзеянні, мужнасць і смеласць, праяўленыя ў баях, каля 15 тысяч воінаў дывізіі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 15 тысяч узнагарод – гэта 15 тысяч высакародных, бясстрашных учынкаў. Якімі былі людзі, што здзейснілі іх? Адказаць, хаця б часткова, на гэтае пытанне дапаможа “Летапіс 50-ай Гвардзейскай стралковай дывізіі”, падрыхтаваны настаўнікам Камянецкай гімназіі В.І. Калацэем і яго вучнямі ў 2000 годзе (да чарговага юбілею Вялікай Перамогі). У гэтай важкай кнізе ў чырвонай вокладцы, што захоўваецца ў музеі СШ №1, акрамя тэксту ёсць яшчэ і фатаграфіі. Значыць, мы можам убачыць 50-ую дывізію ў тварах.
“У загадах не раз адзначаліся шматлікія подзвігі слаўных дачок нашай Радзімы, – зазначаецца ў аповядзе пра баявы шлях 50-ай дывізіі. – Медыцынскія сёстры ратавалі жыццё многім параненым салдатам і камандзірам, выносячы іх з поля бою, асісціравалі падчас аперацый.”
На фатаграфіі – юнак і дзяўчына, подпіс пад ёй знаёміць нас з імі: “Лейтэнант А.М.Казакова і камандзір батарэі 1-га дывізіёна 119-га палка капітан І.А.Іванчыкаў.” Пра яго, юнака, які пазірае прама ў аб’ектыў, вядома вельмі мала, толькі імя і званне. Але нам на памяць застаўся гэты яго позірк. Магчыма, малады чалавек думае пра тых, хто калі-небудзь будзе глядзець на гэты здымак. Пра нас з вамі. Яны ўсе там, на вайне, думалі, хай і не прама, пра нас з вамі, пра нашчадкаў, дзеля якіх здабывалі перамогу… А дзяўчына? Пра яе з сабраных матэрыялаў вядома крыху больш. У кнізе чытаем: “28 ліпеня 1944 года воіны дывізіі вызвалілі горад Глуск, а 30 чэрвеня фарсіравалі раку Случ і ўварваліся ў горад Слуцк. У баі за Слуцк мужнасць і адвагу праявілі: медыцынская сястра В.Я.Мікітчук, старшына медслужбы В.І.Касенка, санінструктар В.Я.Кодзіна, санінструктар М.М.Фаменка і фельчар А.М.Казакова.” Напэўна, яе звалі Аленай…
А на гэтай фатаграфіі, зробленай у Чэхаславакіі ў 1945 годе, – Іван Сцяпанавіч Рабаконь. Капітан, гвардыі камандзір зянітнага 19-га гвардзейскага кулямётна-артылерыйскага палка 50-ай Гвардзейскай дывізіі. Яго батарэя (на той час) удзельнічала ў бітве пад Сталінградам, за ходам якой з заміраннем сэрца сачыла ўся краіна. Людзі разумелі, што менавіта тут рашаецца далейшы ход і сыход вайны. Воіны батарэі Рабаконя гераічна і мужна абаранялі горад і вышыню 220,0, у памяць аб чым на ёй устаноўлены абеліск.
Пазней, у 1944-м, ужо на тэрыторыі нашага раёна, дывізіён Рабаконя праявіў сябе найлепшым чынам. 20 ліпеня раніцай нямецкая пяхота і 30 танкаў перайшлі ў атаку, наносячы ўдар на Чамяры-2 і Крыўляны. Цэлы дзень падначаленыя Івана Сцяпанавіча, ён сам і іншыя падраздзяленні адбіваліся ад ворага, які, сустрэўшы моцнае супраціўленне і панёсшы немалыя страты, адступіў на былыя пазіцыі. Ноччу фашысты перагрупаваліся, падцягнулі новыя сілы і зноў рушылі ў наступленне. Аднак, зноў няўдала. Пазней вызваліцелі накіраваліся да Каменца, у які ўвайшлі ў 7.00 22 ліпеня.
Чалавек, што глядзіць на нас цяпер з чорна-белай фатаграфіі, вызваляў калісьці горад, у якім мы жывём. Значыць, мы па праве можам лічыць яго сваім земляком. Бо тады, на вайне, існавала асаблівая філасофія: я ўратую гэты горад, думаў чалавек, і тады нехта ўратуе мой.
Наступная фатаграфія таксама была зроблена ў год Вялікай Перамогі. На ёй – Гаўрыіл Фядосавіч Антановіч, радавы, наводчык 45-міліметровай адзінкі зброі 148-га гвардзейскага стралковага палка 50-ай Гвардзейскай дывізіі, які таксама быў звязаны з вызваленнем Камянеччыны. 21 ліпеня 44-га, напярэдадні ўваходу савецкіх войскаў у Каменец, удзельнічаў у баі за вёску Тапалі, падчас якога падбіў два нямецкія танкі. Да гэтага радавы прымаў удзел у баях за горад Нікалаеў. Тады 148-ы полк прарваў рубеж абароны на подступах да яго, а ўжо на наступны дзень населены пункт набыў свабоду.

Добавить комментарий