Васілюк супраць “Гатча-Осаўскі”. Хто каго?

2412353У мінулы уік-энд пасля трохтыднёвага перапынку прадоўжылася першынство раёна па міні-футболе – прайшлі матчы чацвёртага тура.

Найбольш цікавай бачылася сустрэча паміж “Высокім”, якое дагэтуль не пацярпела ніводнага паражэння і прэтэндуе на “золата” першынства, і па-ранейшаму грозным “Савушкіным прадуктам”, які такія шанцы ўжо згубіў (на пачатак чэмпіянату быў адным з відавочных прэтэндэнтаў). Гульня апраўдала выдадзеныя ёй дывідэнды. Першы тайм прынёс перамогу “малочнікам” – 2:0. Але ў другой палове сустрэчы гульня ў іх разладзілася. Чым і скарысталіся высакаўчане. Спачатку Аляксандр Раманюк і Сяргей Ярома зраўнялі лік, а Станіслаў Ляўко, аформіўшы дубль, прынёс “Высокаму” перамогу.

Чарговае буйное паражэнне атрымала каманда з жабінкаўскага раёна – “Гатча-Осаўскі”. На гэты раз крыўдзіцелем геаграфічных суседзяў стала “Ніва”, якая, як і заўсёды, марыць толькі аб перамозе ў турніры. Чарговы крок да пастаўленай мэты больш чым упэўнены – 11:2. Галы на рахунку Сяргея Васілюка, Паўла Шаўчука, Аляксандра Панасюка і Дзмітрыя Немцава. Асабліва “бушаваў” Сяргей. Яго вынік – восем мячоў.

Першую перамогу ў чэмпіянаце атрымаў “Белавежскі”. Выйграць атрымалася ў “Без праблем” (8:3). Галы ў актыве Васілія Лесіка, Віталія Новака, Сяргея Герасімука, Івана Ярашука, Віктара Герасіміка і Дзмітрыя Якуша (хет-трык). У “безпраблемаўцаў” статыстыку палепшылі Артур Леванюк, Андрэй Кучко і Віталій Беларусаў.

Заўтра пройдуць матчы апошняга тура. Статус “№1” у матча з шыльдай “Высокае” – “Ніва”. Гэтыя каманды разыграюць паміж сабой першае-другое месцы. Ёсць і яшчэ адзін цікавы факт. Высакаўчане Сяргей Ярома і Станіслаў Ляўко, а таксама Сяргей Васілюк уваходзяць у тройку лепшых бамбардзіраў турніру. У вочным паядынку і выявяць лепшага. Цікавае становішча і ў “Белавежскага” з “Савушкіным прадуктам” – па чатыры ачкі. Асечка кожнай з каманд можа паставіць “крыж” на “бронзе” першынства. Пакуль жа ў больш выгаднай пазіцыі “Савушкін прадукт”. У камбэк жа ад “Без праблем” верыцца скрозь вельмі крывую прызму. Але, калі каманда ўсё ж перайграе “малочнікаў”, а белавежцы згубяць ачкі ў сустрэчы з “Гатча-Осаўскім”, то віншаваць з “бронзай” будуць іх.

 

* * *

У мінулыя выхадныя стартавалі самыя захапляльныя матчы турніру “Эліт-лігі” – плэй-офф, стадыя – адна восьмая фіналу.

На жаль, адзіны прадстаўнік Камянеччыны –“Усход”– буйна саступіў “ДЖОФРЭ” (1:6) у першым матчы накаўт-раўнду. Такі пройгрыш пакідае вельмі мала надзей на выхад у адну чацвёртую па выніках двухматчавай дуэлі.

Саступіла ў суцяшальным турніры на выбыванне на стадыі адной чацвёртай і “Ніва”. Каманда па ходу паядынка вяла ў два мячы, але страціла перавагу і саступіла 3:4 футбалістам “ДИСА-БЭЗ”.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Добавить комментарий