Васілій Канаховіч: «Жаданне займацца спортам — галоўнае для мяне»

19 мая ў краіне адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Сёння ў нашым раёне пройдуць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, заўтра – у фінальнай сустрэчы каманды “Аграпрадукта” і “Нівы” паспрачаюцца за кубак раёна па футболе. А напярэдадні прафесійнага свята – гутарка з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Васіліем Паўлавічам Канаховічам.
– Васілій Паўлавіч, з якім настроем сустракаеце дзень фізкультурніка? Чым адметны мінулы год?
– Настрой, безумоўна, добры. І не толькі з-за свята. Фізкультурнай арганізацыі ёсць чым ганарыцца. Па выніках абласнога агляду-конкурсу па спорце вышэйшых дасягненняў і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву раён заняў першае месца, узнагароджаны Дыпломам і Памятным кубкам упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Галоўную ролю ў набыцці ўзнагароды, вядома, адыгралі выхаванцы СДЮШАР “Пушча”. 19 з іх уваходзілі ў склад зборных Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы і дзюдо і выступалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Сем з іх сталі прызёрамі, а двум пакарылася вяршыня п’едэстала. Парадавалі і нашы вядомыя “зоркі”. Сяргей Кісляк разам з казанскім “Рубінам” 9 мая ўпершыню ў клубнай гісторыі выйграў кубак Расіі па футболе. Выканалі алімпійскія кваліфікацыйныя нарматывы штурхальнік ядра Павел Лыжын і цяжкаатлетка Ірына Кулеша. Спадзяюся, што ім ужо нічога не перашкодзіць выступіць на Алімпіядзе ў Лондане гэтым летам.
Увогуле, аддзел працуе над выкананнем Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту на 2011-2015 гады ў Камянецкім раёне, і, у асноўным, усе даведзеныя нам паказчыкі выконваюцца. На працягу многіх гадоў раённая арганізацыя налічвае 60 калектываў фізічнай культуры, рэгулярна займаюцца спортам больш за шэсць з паловай тысяч чалавек. У тройку лепшых калектываў фізкультуры ў раёне ўваходзяць СВК “АграНіва” (інструктар-арганізатар Сяргей Цупа), ААТ “Белавежскі” (Васілій Лесік), ААТ “Агра-Зарэчча” (Дзмітрый Пыкавы).
– Як бачна з вынікаў раённай спартакіяды, вектар яўна змешчаны ў бок перыферыі…
– Не зусім згодны. Ёсць і там пытанні. Адсутнічае работа ў ААТ “Агра-Пелішча”, “Відамлянскім”, “Новым шляху”, СВК “Хадасы”. У той жа час добра наладжана ў “Каменецрайгазе”, раённым вузле электрычнай сувязі, Камянецкім раёне электрычных сетак, філіяле “Савушкін прадукт”. У Высокім магу адзначыць работу ААТ “Белавежскія сыры” і ТАА “Аграпрадукт”.
– Так, магчыма ўся справа ў кіраўніцтве?
– Безумоўна, ад яго залежыць амаль усё. Але ж абыякавы да спорту кіраўнік – не галоўная бяда. У першую чаргу патрэбен талковы спартыўны арганізатар, лідэр, які зможа падняць моладзь.
– Хіба разнастайнасць мерапрыемстваў не адпавядае попыту?
– Не думаю. Кожны год у нас праводзіцца больш за 50 мерапрыемстваў. Улічваючы, што футбол у раёне з’яўляецца спортам нумар адзін, то ў гэтым відзе ў нас праходзяць чэмпіянат і кубак раёна. У апошнім, сёлета прынялі ўдзел ажно дзесяць каманд.
– Калі футбол – нумар адзін, то валейбол, думаю, – нумар два. Чаму б не правесці чэмпіянат і ў гэтым відзе?
– Паўнаважкі чэмпіянат правесці будзе вельмі цяжка. У першую чаргу з-за шматлікіх раз’ездаў каманд, арганізацыі судзейства. Не апошнюю ролю адыгрываюць і фінансавыя магчымасці.
– Дык што, уся справа ў недастатковасці фінансавых сродкаў?
– Не. Перш за ўсё галіне не хапае спецыялістаў, ведаючых і любячых сваю справу; старыя кадры, на жаль, нас пакідаюць, а маладыя не спяшаюцца прыходзіць. А грошы? Іх многа не бывае. Як бачна з сусветнай практыкі, чым большы прызавы фонд у спаборніцтваў, тым больш прэстыжны і турнір.
– Калі загаварылі пра спаборніцтвы, скажыце, хто са спартсменаў больш парадаваў за мінулы год?
– Калі не згадваць ужо вядомую тройку (Лыжын – Кулеша – Кісляк), то, безумоўна, вельмі ўдала правяла сезон Крысціна Радзіванюк. Не горш за яе выступіў і Уладзімір Бялюк. Усё яны выхаванцы СДЮШАР “Пушча”. Іх удалыя выступленні робяць важкі ўклад у спартыўны рэйтынг Камянецкага раёна ў вобласці. Сярод жа калектываў фізкультуры парадаваў СВК “АграНіва”. У 2011 годзе, нарэшце, менавіта гэты калектыў выйграў барацьбу ў раённай спартакіядзе.
– А як Вы адносіцеся да такой дэталі, як адсутнасць сваіх спартсменаў у калектыве фізкультуры і, адпаведна, выступленне за яго “легіянераў”?
– Магчыма, камусьці гэта і не падабаецца, але правіламі “легіянерства” мы не абмяжоўваем. Калі ў сваёй арганізацыі чалавеку няма дзе сябе рэалізаваць, хай выступае за каго хоча. Жаданне займацца спортам для мяне – галоўны прыярытэт. Відавочна, калі каманда заяўляе зусім “левага” спартсмена (не жыве і не працуе ў раёне), то пры пратэсце сапернікаў здымаем такога хітруна са спаборніцтваў.
– Васілій Паўлавіч, такое пытанне. У большасці раёнаў вобласці спорт акумуляваны пад крылом аддзелаў фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. У нас іншая сітуацыя. Чаму?
– Увогуле, я за тое, каб усе спартыўныя ўстановы, у тым ліку і дзіцячыя, знаходзіліся пад кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму. Але ж… Ужо створана спортаправодзячая сістэма. А для рэарганізацыі патрэбна адпаведная база для абслугоўвання і спаборніцтваў, і спартыўных збудаванняў (стварэнне гаспадарчай групы пры аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму, набыццё аўтатранспарту і іншыя пытанні). Пакуль жа ёсць толькі загады і распараджэнні, можна разбурыць тое, што складвалася дзесяцігоддзямі. Таму і вырашана кіраўніцтвам раёна не перадаваць СДЮШАР “Пушча” з сістэмы аддзела адукацыі пад наша крыло.
– У Каменцы восенню пройдуць абласныя “Дажынкі”. Якія змены адбудуцца на спартыўных збудаваннях горада?
– У сувязі з абласным святам “Дажынкі-2012” на гарадскім стадыёне “Колас” аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму плануюцца замена агароджы па вуліцы Лявонава, бягучы рамонт адміністрацыйна-бытавога будынка і павільёна настольных гульняў, замена трыбун, рэканструкцыя і ўладкаванне гульнявых пляцовак. Таксама ёсць перадумовы таго, што на стадыёне з’явіцца тэнісны корт.
– Вас таксама даволі часта можна бачыць на гульнявых пляцоўках. Якія віды спорту для Вас не чужыя?
– Акрамя футбола, які з’яўляецца асноўным захапленнем, з задавальненнем гуляю ў валейбол, зімою – катаюся на лыжах, каньках.
– Васілій Паўлавіч, працуючы ў спартыўнай галіне, напэўна, маеце і балельшчыцкія слабасці?
– Не без гэтага. З’яўляюся балельшчыкам Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова і зборнай Беларусі па біятлоне. Таксама з задавальненнем гляджу па тэлевізары гульні чэмпіянату Англіі па футболе, чэмпіянаты свету і Еўропы па футболе, хакеі, лёгкай атлетыцы і, безумоўна, Алімпійскія гульні.
– Калі чалавек так захоплены спортам, то і ў сям’і, напэўна, хтосьці паддаўся бацькоўскаму ўплыву?
– Так. Сын Юра займаецца дзюдо, мае разрад кандыдата ў майстры спорту. У гэтым годзе заканчвае трэнерскі факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
– Спорт – работа. А чым займаецеся ў вольны час?
– Вольнага часу вельмі мала: у выхадныя, у асноўным, знаходжуся на спартыўных мерапрыемствах. Але ж, калі вольная хвіліна знаходзіцца, то люблю папрацаваць на дачы, з’ездзіць у лес па грыбы.
– На такой мажорнай ноце што пажадаеце жыхарам, спартсменам раёна?
– Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, поспеху, удалых стартаў і новых рэкордаў. Асобнае віншаванне ўсім ветэранам спорту, людзям, якія шмат гадоў аддалі працы ў нашай галіне.

Гутарыў Сяргей АЛЯШЧЭНЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий