Бронзавая радасць Камянеччыны

Цяжкаатлетка Ірына Кулеша заняла трэцяе месца на Лонданскай Алімпіядзе.

Трэцяе жніўня назаўсёды ўвайшло ў гісторыю Камянеччыны. У гэты дзень наша зямлячка, цяжкаатлетка Ірына Кулеша, якая родам з Абяроўшчыны, стала бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Лондане. Першым прызёрам у гісторыі Камянецкага раёна. А ўжо на наступны дзень дэлегацыя ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Дзяніса Шпака, начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Васілія Канаховіча і дырэктара СДЮШАР “Пушча” Алега Кірылюка накіравалася да маці прызёркі Яўгеніі Пятроўны Кулеша, каб павіншаваць яе з поспехам дачкі.

Шлях да бронзы быў на рэдкасць цярністым. Тройчы, пачынаючы з Пекінскай алімпіяды, на топ-турнірах Ірына спынялася ў кроку ад п’едэстала. І вось, нарэшце, круг разамкнуўся. Выхаванка СДЮШАР “Пушча” Ірына Кулеша абмяняла нефартовае чацвёртае месца на трэцяе. І гэта, безумоўна, вялікі поспех. Хай трошкі і пашанцавала: расіянка Надзея Яўсцюхіна не справілася з пачатковымі вагамі, што дало магчымасць пазмагацца за трэцяе месца. Так, толькі за трэцяе – вельмі ж моцнымі былі другая прадстаўніца Расіі Наталля Забалотная і казашка Святлана Падабедава. Калісьці ж мусіла пашанцаваць.

Выступала Ірына Кулеша ў вагавай катэгорыі да 75 кг. У рыўку яна справілася са штангай вагой 121 кг, у штуршку ўзяла 148 кг. Гэтых кілаграмаў хапіла, каб выйграць барацьбу за бронзу ў галоўнай канкурэнткі, іспанкі Лідзіі Валянцін. Гэты медаль стаў другім і апошнім у цяжкай атлетыцы для нашай зборнай. Першы выйграла Марына Шкерманкова.

Пачынала займацца спорам Ірына ў Раснянскім філіяле Камянецкай спартшколы “Пушча”. Яе першым трэнерам быў Іван Канстанцінавіч Драпун. Праўда, тады Ірына займалася яшчэ не цяжкай, а лёгкай атлетыкай, гуляла таксама ў валейбол і баскетбол – у мясцовай спартшколе не было аддзялення цяжкай атлетыкі. Займацца ж ёю пачала толькі ў Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, куды яе паклікаў Аляксандр Самадаеў, якому ў сваю чаргу “сасватаў” перспектыўную на той момант дзяўчыну яе тагачасны трэнер Іван Драпун. Пасля Алімпіяды ў Пекіне Ірына памяняла трэнера. І да лонданскага спартыўнага форуму яна трэніравалася ў другога беларускага спецыяліста Віктара Шалая.

Але Ірына ніколі не забывае пра Камянеччыну. Таму і свой “Алімпійскі выбар” дзяўчына невыпадкова зрабіла на карысць СДЮШАР “Пушча”. У рамках гэтага праекта, які Прэзідэнцкі спартыўны клуб рэалізуе пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства спорту і турызму Беларусі, кожнаму прызёру ХХХ летняй Алімпіяды ў Лондане даецца права выбару дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы для аказання спонсарскай дапамогі. Сума залежыць ад вынікаў спартсмена. У прыватнасці, за бронзу яна складае 50 мільёнаў рублёў, якія Ірына і накіравала камянецкай спартшколе. Па словах дырэктара СДЮШАР “Пушча” Алега Кірылюка, грошы плануецца накіраваць на набыццё скачковай ямы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы раснянскага філіяла, у якім займалася Ірына Кулеша.

Фота Уладзіміра ВЯРЭНІЧА

і БЕЛТА.

Добавить комментарий