«Белавежскі» вылучыў свайго кандыдата

На гэтым тыдні ў межах праграмы інфармавання насельніцтва з працоўнымі калектывамі раёна сустрэўся Памочнік Прэзідэнта, Галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі.

Ён пабываў у ААТ «Відамлянскае», «Агра-Зарэчча», «Агра-Пелішча», СВК «Хадасы», РВУ «Каменецрайгаз», а таксама ў раённых вузлах паштовай і электрасувязі.

Уладзімір Іванавіч паведаміў працаўнікам аб сацыяльна-эканамічным стане краіны, вобласці і раёна. Ён адзначыў, што сёлета дасягнуты значныя поспехі ў развіцці эканомікі. Хуткімі тэмпамі ідзе яе мадэрнізацыя, рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты, значная ўвага ўдзяляецца імпартазамяшчэнню і экспарту ўласнай прадукцыі. Таксама важнай задачай застаецца павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай галіны. А ў Брэсцкай вобласці яна адна з лепшых у краіне. Паспяховае жніво – яшчэ адно таму пацверджанне. Нездарма ж Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе даў высокую ацэнку рабоце аграрыяў Брэстчыны.

Даволі падрабязна Уладзімір Пузырэўскі спыніўся на пытаннях жыллёвага будаўніцтва і павышэння заработнай платы. «Без багатых людзей не можа быць багатай краіны. А багацце чалавека – гэта яго дом, уласны», – зазначыў ён. Уладзімір Іванавіч запэўніў – кожнае будаўніцтва будзе завершана згодна з адпаведнымі дагаворамі. Гаворачы ж пра зарплату, Памочнік Прэзідэнта звяртаўся больш да кіраўнікоў гаспадарак і арганізацый: «Заданне Прэзідэнта аб павелічэнні сярэдняй заработнай платы да 500 долараў трэба выканаць. Ваша першачарговая задача – забяспечыць людзям дастойны заробак. Аднак не трэба забываць, што такую зарплату трэба зарабіць, яе рост павінен адпавядаць прадукцыйнасці працы. Толькі ў такім выпадку ён будзе абгрунтаваным і эфектыўным.»

* * *

7 жніўня адбылася канферэнцыя працоўнага калектыву ААТ «Белавежскі», на якой было прынята рашэнне аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Іванавіча Пузырэўскага.

На пачатку канферэнцыі з прапановай аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты і характарыстыкай Уладзіміра Пузырэўскага выступіў генеральны дырэктар ААТ Юрый Мароз. Ён адзначыў, што Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі чалавек, якому неабыякавы праблемы сельскай гаспадаркі, што вельмі актуальна для нашага сельскагаспадарчага раёна. Гэта не дзіўна, бо Уладзімір Пузырэўскі шмат гадоў працаваў менавіта ў гэтай галіне. Працаваць пачаў рознарабочым у саўгасе «Краснапольскі» (Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці), затым – служба ў арміі, навучанне ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і далейшая праца на зямлі. У 1985-1998 гадах займаў пасаду старшыні калгаса, потым працаваў начальнікам аддзела камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, з 1999 па 2001 год – старшыня Чавускага райвыканкама. Значны ўнёсак у развіццё жывёлагадоўлі у рэспубліцы зрабіў Уладзімір Пузырэўскі падчас працы на пасадзе генеральнага дырэктара «Галоўжыўпрама», што асабліва адзначыў Юрый Мароз. Дарэчы, Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі, як і Юрый Дзмітрыевіч Мароз, мае вучонае званне – ён кандыдат сельскагаспадарчых навук. З 2006 года Уладзімір Пузырэўскі – Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці. Жанаты, выхоўвае 2-х сыноў.

«Вельмі добра, што інтарэсы нашага аграрнага раёна ў Парламенце будзе прадстаўляць чалавек, які ведае праблемы сельскай гаспадаркі, якому гэта блізка…», – падкрэсліў Юрый Мароз.

У сваю чаргу старшыня Камянецкага райвыканкама Андрэй Пісарык дадаў, што Уладзімір Пузырэўскі – чалавек надзвычай прынцыповы. «Уладзімір Іванавіч заўсёды адстойвае свой пункт гледжання на праблему і прапануе канструктыўныя шляхі яе вырашэння. Адказны і добрасумленны, сапраўдны прафесіянал… Ён дастойны прадстаўляць наш раён у Палаце прадстаўнікоў,» – зазначыў Андрэй Мікалаевіч.

Прапанова аб вылучэнні Уладзіміра Пузырэўскага кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь ад працоўнага калектыву ААТ «Белавежскі» была падтрымана аднагалосна.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий