«Бабушка рядышком с дедушкой…»

Изображение 324_resizeПершы дзень кастрычніка парадаваў, насуперак усім прагнозам метэаролагаў-песімістаў, ласкавым сонейкам і цеплынёй. “Бабіна лета” было ой як дарэчы менавіта ў гэты час! Яно стала падарункам усім пажылым людзям, якім як нікому іншаму неабходна цеплыня ва ўсіх яе праявах.

Бабулі і дзядулі, а таксама іх дзеці і ўнукі збіраліся ў Камянецкім гарадскім Доме культуры, дзе свята сустракала ўжо ў фае. Тут размясціліся тры выставы пад агульнай назвай “Дары восені”, падрыхтаваныя ўдзельнікамі клубаў “Аптыміст”, “Залаты ўзрост” і “Дыялог”.

На сцэне актавай залы быў апушчаны экран, а гэта, відавочна, абяцала нешта цікавае і незвычайнае. Святочнае мерапрыемства пачалося кадрамі, з якіх усміхаліся дзядулі, бабулі і іх шчаслівыя ўнукі. Фонам гучала песня… А за ёй – яшчэ адна, новы тэкст, пакладзены на матыў знакамітай “Надежды” Пахмута­вай і Дабранравава. Яе выконвала народнае аматарскае аб’яднанне ветэранаў вайны і працы “Белая вежа”. Яго кіраўнік Ірына Козел стала вядучай свята.

Першыя віншаванні пажылыя пачулі ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыі Кузьміцкай. Менавіта з яе рук у гэты дзень атрымалі заслужаныя ўзнагароды пераможцы конкурсу на лепшы ветэранскі падворак. У ім, як заўважыла вядучая, у 2014 годзе ўдзельнічалі ўсе сельсаветы раёна. (Фатаграфіі сядзіб удзельнікаў загадзя паказалі гасцям свята на згаданым вышэй экране.)

Пераможцаў выбіралі ў трох намінацыях. “Мой сад і агарод”: 3-е месца – Фёдар Трафімавіч Ігнацюк, в.Пруска Багуслаўская, 2-е – Ніна Фадзееўна Казанжэ, в.Клепачы, 1-еИзображение 245_resize – Людміла Аляксандраўна Гапоненка, г.Каменец; “Мая гаспадарка”: 3-е – Ганна Адамаўна Свячко, в.Воўчын, 2-е – Ніна Васільеўна Руцкая, в.Ліпна, 1-е – Георгій Сяргеевіч Шахалевіч, в.Мшанкі; “Добраўпарадкаванне прысядзібнага ўчастка”: 3-е – Аляксей Іванавіч Салей, пас.Белавежскі, 2-е – Мікалай Кузьміч Серада, в.Шастакова, 1-е – Ніна Іванаўна Канановіч, в.Пелішча.

Не абышлі ўвагай і падарункамі таксама і тых, хто рыхтаваў выставы дароў восені.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага дзяржаўнага аб’яднання ветэранаў Валянціна Маеўская павіншавала пажылых са святам і пажадала ім, маладым душой, моцнага здароўя. Потым на сцэну выйшлі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, чые шчырыя вершы расчулілі да слёз.

Між тым, свята паступова набліжалася да самага цікава – конкурсу “Супербабуля”. Удзел у ім прымалі пяць жанчын: Валянціна Іванаўна Кірпічова, Яніна Збігнеўна Пылік, Тамара Іванаўна Ігнацюк, Вольга Віктараўна Васілеўская і Раіса Сяргееўна Дуровіч. І конкурсаў для іх падрыхтавалі таксама пяць.

Падчас першага бабулі па чарзе пералічвалі ласкавыя словы, якімі можна называць любімых унукаў, – хто больш? Пераможцамі, дарэчы, сталі ўсе, бо конкурс давялося прыпыніць, інакш ён працягваўся б цэлую вечнасць.

Пасля ўдзельніцы адгадвалі казкі, бо хто, як не бабуля, ведае іх на зубок?

Трэці конкурс правяраў фантазію і творчыя здольнасці жанчын (ім трэба было зрабіць з паперы карнавальныя маску і касцюм), чацвёрты – эрудыцыю (складаўся з пытанняў). А падчас апошняга бабулі дэманстравалі свае таленты: Яніна Збігнеўна расказвала казку пра сараканожку, Раіса Сяргееўна чытала верш Людмілы Рубальскай і байку, Вольга Віктараўна – верш на беларускай мове, Валянціна Іванаўна – уласную паэзію пра каханне, а Тамара Іванаўна спявала.

Нялёгка давялося журы, не прасцей і гледачам у зале, якія выбіралі з дапамогай апладысментаў тую бабулю, якая стане ўладальніцай тытула “Місіс глядачкіх сімпатый” і чырвонай стужкі. Гучней за іншых апладзіравалі Тамары Іванаўне Ігнацюк. “Місіс усмешка” стала Раіса Сяргееўна Дуровіч, “Місіс загадка” – Вольга Віктараўна Васілеўская, “Місіс зачараванне” – Валянціна Іванаўна Кірпічова. А “Супербабуляй-2014”, як вы, напэўна, здагадаліся, названа Яніна Збігнеўна Пылік. Яна, дарэчы, нарадзілася ў Стоўбцах Мінскай вобласці, куды бацькі пераехалі з Украіны. Скончыла Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Эканаміст”, па размеркаванні перабралася ў Каменец і 10 гадоў працавала ў райфінаддзеле. З 1987 года – галоўны бухгалтар сувязі. Выхавала траіх дзяцей.

Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі дыпломы райвыканкама і падарункі ад калектываў, у якіх некалі працавалі. Для іх і ўсіх гасцей свята гучалі песні ў выкананні Георгія Данілюка, Аліны Гожух, Ліліі Дорахавай, Тамары Алекс, ансамбля “Весялуха”. А напрыканцы сваю канцэртную праграму падарыў ансамбль “Таямніца” з Пелішчанскага цэнтра культуры і адпачынку.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий