Асірацелыя хаты чакаюць прысуду

дом1Той, хто едзе праз Каленкавічы, не можа не заўважыць, як да лепшага змяніўся іх выгляд пасля таго, як не стала пустых спарахнелых хат абапал дарогі. На іх месцы збудаваны новыя. А тыя з пасляваенных, што яшчэ засталіся, – дагледжаныя. Такім відавочным пераменам нямала садзейнічаюць уладныя меры па скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці…

Вось і зусім нядаўна, у маі, гэтая надзённая праблема была абмеркавана на пасяджэнні пастаяннай камісіі райсавета дэпутатаў па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання на чале з Людмілай Жураўлёвай. Была заслухана інфармацыя Наталлі Шосцік, старшыні Рэчыцкага сельскага Савета дэпутатаў, аб рабоце па зносе аварыйных дрэў, пустуючых дамоў і збудаванняў. У вёсках сельсавета былі выяўлены 102 пустуючыя і 31 старая хата. З першай кагорты домаўладанняў 91 прыведзена ў парадак і выкарыстоўваецца для пражывання не менш як 1 месяц на працягу года, сем хат разабраны сіламі ўласнікаў, адна – прададзена, адно пустуючае домаўладанне пераведзена ў разрад старых і знесена. 27 старых хат разабралі самі ўласнікі, два домаўладанні адрамантаваны, нашчадкаў былых гаспадароў дзвюх сядзіб шукаюць… А летась пасля поўнага абследавання населеных пунктаў вызначаны яшчэ дзве пустуючыя і сем старых хат. Калі паводле першых ад спадчыннікаў атрымалі пісьмовыя заявы, што яны навядуць парадак на сядзібах, дык у адносінах уласнікаў старых дамоў камісія мае сведчанні, што яны не прымаюць мер для навядзення парадку, хаты непрыгодныя для пражывання. Накіраваны пісьмовыя прадпісанні аб спыненні безгаспадарчасці, і вызначаны тэрмін для аднаўлення дома ці зносу (не менш як тры месяцы і не больш за шэсць) або тэрмін для атрымання дазваляльнай дакументацыі на рэканструкцыю, капітальны рамонт хаты. Уласнікам патлумачана, што калі немагчыма яе аднавіць, будзе прынята рашэнне аб зносе хаты ці аб звароце ў суд з заявай аб адабранні яе – шляхам выкупу ці перадачы сельвыканкаму для продажу з публічных таргоў. Калі зямельны ўчастак знаходзіцца ў пажыццёва наследуемым валоданні або ў карыстанні, дык прымаецца рашэнне аб спыненні гэтага права.

Летась у сельсавеце адно старое домаўладанне было адрамантавана; тры знесены сіламі райаддзела МНС за бюджэтныя сродкі, і абышлося гэта ў 22,8 млн. рублёў (нашчадкі адмовіліся ад права ўласнасці); тры хаты разбіраюць іх гаспадары; уласніка яшчэ адной хаты шукаюць…

Сёлета на знос старых дамоў выдзелена 15 млн. – гэтага хопіць на дэмантаж толькі дзвюх хат. Таму, пэўна, старшыні сельвыканкама зноў давядзецца праявіць немалую прадпрымальнасць і ініцыятыву, каб зрабіць неабходнае з найменшымі затратамі, у т.л. з дапамогай вяскоўцаў, якія згодныя разабраць старую хату сабе на дровы. З умовай, што пляцоўку пасля зносу хаты прывядуць у парадак. Апошняе часам неапраўдана зацягваецца і патрабуе дадатковых “перамоў” з выканаўцамі.

* * *

Дэмантаж старых хат – адзін з важных аспектаў навядзення парадку на зямлі. Некалі будаваліся з апошніх сіл, былі ўпэўнены, што тут будзе жыць нехта з нашчадкаў. Але настаў час, калі даўно апусцелыя хаціны трэба зносіць дзясяткамі, бо разбураюцца, зарастаюць хмызняком. А між тым рэсурс дагледжанай тэрыторыі – аснова самога жыцця, паўнацэннага і гарманічнага.

Як удакладняе начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Дзмітрый Асташэня, летась у раёне было знесена 20 такіх хат, на што скарыстана амаль 56 млн. рублёў, атрымана 61 паведамленне аб далейшым выкарыстанні домаўладанняў. Усяго ж за перыяд дзеяння Указа №70 – 2006-2011 гг. – было выяўлена 1160 пустуючых і 484 старыя домаўладанні. За гэты час 516 грамадзян запэўнілі сельвыканкамы ў намеры выкарыстоўваць свае пустуючыя хаты для пражывання; 510 уласнікаў прывялі іх у належны стан; 87 хат было знесена; у адносінах 47-і працягваецца пошук нашчадкаў. Што датычыць старых хат, дык 120 уласнікаў навялі на сядзібах парадак; 267 домаўладанняў знесена; у 97-і выпадках ідзе пошук нашчадкаў.

У 2012-м выйшаў Указ №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”, які канкрэтызаваў многія пазіцыі ў гэтай адказнай справе. І за час яго дзеяння ў раёне было вызначана яшчэ 202 пустуючыя і 271 старое домаўладанне. 161 грамадзянін выказаў жаданне выкарыстоўваць сваю хату для пражывання; 36 было знесена; доўжыцца пошук пяці нашчадкаў. За гэты ж перыяд у раёне старых спарахнелых хат стала менш на 174, працягваецца пошук нашчадкаў, якія нярэдка ў правы спадчыннасці не ўступаюць.

Аб зробленым можам меркаваць па тым, наколькі больш утульны выгляд набываюць нашы вёскі. За перыяд дзеяння двух указаў на знос спарахнелых збудаванняў было выдаткавана 160,7 млн. рублёў – гэта больш чым сціплая сума. І ў асноўным тут мясцовай уладзе дапамагае кантакт з дырэкцыяй гаспадарак, дзе ідуць насустрач, выдзяляюць тэхніку, бо таксама зацікаўлены, каб і аддаленыя вёскі мелі акуратны выгляд. Той рабоце абавязкова папярэднічае пошук нашчадкаў мясцовымі выканкамамі, перапіска з імі наконт далейшага лёсу іх бацькоўскай хаты. І ў спадчыннікаў ёсць выбар.

* * *

Сёлета ў раёне на 1.05 знесена 25 старых хат. Прычым без удзелу бюджэтных сродкаў. Сіламі гаспадарак наводзіцца парадак на былых сядзібах, дзе яшчэ заставаліся рэшткі фундаментаў. У тым жа Вярховіцкім сельсавеце дзевяць хат разабраны са згоды ўласнікаў, восем знесена з дапамогай тутэйшых сельгаспрадпрыемстваў, пасля дэмантажу старых хат з 2012 года вызваліліся зямельныя участкі плошчай у восем гектараў; у Навіцкавіцкім і Ратайчыцкім – нашчадкі знеслі тры і чатыры старыя домаўладанні адпаведна…Дарэчы, у Вярховіцкім сельсавеце ў гэтым годзе выбралі тры вёскі, дзе цалкам будзе вырашана праблема з пустуючымі хатамі: Хлевішча, Кунахавічы і Бярозаўка. У першай з іх – Хлевішчы – да гэтага была разабрана толькі адна хата са згоды ўласніка ў час будаўніцтва аб’язной дарогі, а цяпер знесены ўжо пяць, зямля перададзена гаспадарцы ў севазварот. Сёлета сельскі Савет выдзеліў восем участкаў для будаўніцтва ў межах населеных пунктаў, у асноўным на месцы знесеных старых хат. У Ваўкастаўцы, напрыклад, сёння няма ніводнай пустуючай сядзібы. У той жа час рыхтуюцца дакументы ў суд у адносінах сямі старых нічыйных домаўладанняў у Капылах (дзве хаты), Ясінаўцы, Вярховічах (дзве), Дварцы, Бушмічах дзеля наступнага іх зносу. Тая дзея прадугледжвае абавязковыя фотаздымкі кожнай з хат да пачатку дэмантажу. Пасля яго ўчастак прымае землеўпарадкавальная служба, каб перадаць па прызначэнні. А фота – на выпадак непаразуменняў з грамадзянамі, якія раптам запрэтэндуюць на ролю спадчыннікаў і напішуць скаргу, што знеслі іх дом-палац, дзе пад падлогай захоўвалі грошы. Падобныя кур’ёзы ў рэспубліцы ўжо былі…

* * *

На жаль, адвыклі працаваць дзеці сялян, бацькоў, што неймаверна цяжка ў свой час будавалі тыя хаты, адмаўлялі сабе ва ўсім, любоўна выраблялі зямлю на сядзібе. Бацькі былі згодныя гараваць – абы дзецям лягчэй жылося. Але бацькоўскае пажаданне ім жыць лягчэй многія з дзяцей няправільна зразумелі. Бывае, перабіваюцца ў горадзе з рубля на рубель, жывуць на здымнай кватэры, а пра родную сядзібу, дзе маглі б годна гаспадарыць, завёўшы некалькі кароў, мець дадатковы заробак, і чуць не хочуць. А то і ўвогуле не ўступалі ў права спадчыннікаў пасля смерці бацькоў. Палічылі гэта лішнім клопатам, асабліва, калі хата немаладая і далёка ад горада. І хаце на бацькоўскім падмурку, выходзіць, здрадзілі. Сведкамі беспамяцтва стаяць нечыя нічыйныя хаты, якія неўзабаве, пасля ўсіх прадугледжаных фармальнасцей, зруйнуе бяздушны бульдозер.

Галіна НОВІК.

Добавить комментарий