Амаль фініш

Днямі сцежка завяла мяне ва ўладанні адкрытага акцыянернага таварыства “Каленкавічы”.

У гэтай гаспадарцы амаль закончаны ўсе палявыя работы, запланаваныя на сёлета. Напрыклад, у нядзелю з поля ўбралі бульбу, а ў сераду – кукурузу на зерне.

Бульба ў “Каленкавічах” расла на 134 гектарах. Усяго накапалі 4429 тон. Таварыства з’яўляецца элітгаспадаркай па вырошчванні бульбы, таму і адносяцца да “другога хлеба” тут з глыбокай павагай, пачынаючы з ранняй вясны. Ураджайнасць сёлета склала амаль 331 ц/га (у мінулым годзе – 226 ц/га) пры сярэдняй па раёне 323 ц/га. Зараз асноўная праца накіравана на тое, каб як мага хутчэй схаваць бульбу ў «засекі». Таму на сартавальным комплексе штодня з самага ранку да вечара (вядома, калі гэтаму спрыяе надвор’е) сем чалавек шчыруюць, каб на наступны год было чым засадзіць новыя гектары. На момант майго прыезду ў гаспадарку ў бульбасховішча было закладзена 48т суперэлітнага гатунку “Здабытак”, па 38т, 40т і 24т суперсуперэлітных “Уладара”, “Мага” і “Журавінкі” адпаведна. Акрамя гэтых гатункаў, сваё месца тут знайшлі 20т “Рагнеды”, 226т “Скарба”. А “Вяснянка” тым часам чакала сваёй чаргі. Хочацца нагадаць, што новае сучаснае бульбасховішча ў “Каленкавічах” з’явілася ў мінулым годзе. З сёлетняга ўраджаю 1139т маленькай бульбы гаспадарка адправіла на Вярховіцкі крухмальны завод. А вось вялікая, роўненькая з усіх бакоў, чакае сваіх новых гаспадароў тут жа ў бульбасховішчы, насыпаная ў сеткі. Дарэчы, ужо чатыры фуры з “каштоўным” грузам адпраўлена ў Маларыцкі раён, дзе амаль увесь ураджай сапсаваў драцянік…

Што тычыцца ўборкі кукурузы на сілас і зялёны корм, то яе скончылі на мінулым тыдні. Вый­шлі з вынікам 15094т пры ўра­джайнасці 299 ц/га. У сіласныя ямы заклалі 10416т, у тым ліку кукурузнага – 10116т. Сенажу нарыхтавалі 2865т пры плане 3600, рулоннага – 1490т, зернесенажу – 325т. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы прыпадае па 21 кормаадзінцы.

Уборка кукурузы на зерне таксама засталася ў мінулым. З запланаваных 52 гектараў атрымалі 376т збожжа пры ўраджайнасці 72 ц/га.

Сёння вялікія сілы і большасць тэхнікі кінуты на бураковыя палеткі, агульная плошча якіх ў “Каленкавічах” складала 100 гектараў. З 41-го салодкія караняплоды ўжо ўбралі. Накапалі 1681т. Цукрыстасць складае 16,4%. У прынцыпе нядрэнна, калі ўлічыць тое, што заліковая роўная 16%.

Гэта ўсё тое, што зроблена для таго, каб у наступным годзе было чым пасадзіць, а зімою – пракарміць. Але, акрамя ўсяго вышэй сказанага, зараз яшчэ час і іншай працы. Напрыклад, у гаспадарцы падымаюць зябліва, а таксама ўносяць калійныя ўгнаенні, праводзіцца хімпраполка азімых зерневых. На палі вывозіцца арганіка пад яравую сяўбу.

І нават гэта яшчэ не ўсе работы, якія вядуцца ў ААТ “Каленкавічы”. Да наступнага “гарачага” сезона рыхтуецца і машынны двор, дзе тэхніку адпраўляюць у “зімовую” спячку ў ангары і гаражы.

Невядома канкрэтна, калі пачнуцца сапраўдныя халады з моцнымі маразамі і высокімі гурбамі снегу (на жаль, чалавечы фактар тут ролі не іграе), але ў гаспадарцы ўпэўнены, што з палявымі сельскагаспадарчымі работамі справяцца да гэтага часу.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий