Амаль паўвека на ўчастку

IMG_4166Напярэдадні прафесійнага свята патэлефанавала дырэктару раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва Анатолію Хомічу з намерам даведацца аб чалавеку, пра якога б можна было напісаць. Дырэктар, доўга не думаючы, назваў Закіра Аітава.

Мужчына працуе сталяром на ўчастку рознабытавых паслуг амаль 50 (!) гадоў, з 1968-га. Сам ён не мясцовы, але за той час, што жыве ў Беларусі, стаў амаль сваім. А прывяло яго сюды каханне, але… аб усім па парадку.

Нарадзіўся Закір Сібагатулаевіч у 1935 годзе ў Туркменскай ССР у горадзе Тахта-Базар у сям’і сталяра і хатняй гаспадыні. Скончыў 8 класаў мясцовай школы. Пасля арміі, якая завяла на Украіну, пайшоў у вячэрнюю школу, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю. Потым было будаўнічае вучылішча, якое малады чалавек скончыў з дыпломам інжынера-будаўніка.

У гэты ж час пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая прыехала ў Туркменію на адпрацоўку пасля заканчэння аднаго з тэхнікумаў Баранавічаў. Праз тры гады маладая сям’я вырашыла вярнуцца на радзіму жонкі. Атрымалася так, што Камянеччына стала для іх другім домам. Адразу пачаў працаваць сталяром і ніводнага разу прафесію не мяняў. За амаль паўвека шчырай работы Закір Аітаў неаднаразова атрымліваў прафесійныя ўзнагароды, ёсць Ордэн працоўнай доблесці, а таксама медаль ветэрана працы.

На традыцыйнае пытанне, ці падабаецца справа, якой займаецца, сталяр адказаў, што ніколі б у жыцці не змог столькі гадоў адпрацаваць там, дзе б яму было дрэнна. “Колькі гадоў шчырую, адчуваю падтрымку зладжанага калектыву. Мы – адна вялікая сям’я, у якой часам і бываюць сваркі, але ад гэтага зносіны дрэннымі не становяцца. Можа, таму мне так добра тут пачуваецца…”

Пасля размовы з настолькі пазітыўнай асобай так і карцела запытаць, адкуль у амаль 80-гадовага чалавека столькі аптымізму. Аказваецца, усё вельмі проста – спорт і любімая работа дапамагаюць не адзін дзясятак год спраўляцца з усімі жыццёвымі нягодамі (Закір Аітаў і цяпер можа падцягнуцца на турніку 7 разоў).

Што самае цікавае, сын Закіра Сібагатуліевіча таксама сталяр. Так што, дынастыя працягваецца…

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий