Айболит в «Беловежском»

У ААТ “Белавежскі” на сённяшні дзень працуюць 62 маладыя спецыялісты. Усяго ў акцыянерным таварыстве занята 484 чалавекі да 30 гадоў, пасля “адпрацоўкі” застаюцца каля 40% кваліфікаваных спецыялістаў (трэба браць у разлік і тое, што адны пайшлі ў армію, а другія – у водпуск па доглядзе за дзецьмі). У сувязі з пашыранымі плошчамі “Белавежскага” моладзь тут жыве і працуе ва ўсіх аддзяленнях.
Дзмітрый Касцюк у аддзяленні “Мінкавічы” працуе ветфельчарам-асемянатарам ужо чацвёрты год. Прыйшоў у адкрытае акцыянернае таварыства пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Як зазначыў Дзмітрый, доўга з выбарам будучай жыццёвай сцежкі не вагаўся, бо быў прыклад – бацька, які па прафесіі таксама ветурач, праўда, зараз займае іншую пасаду, ён – намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ў адной з гаспадарак на Століншчыне.
Па прыбыцці ў Белавежскі Дзіму пасялілі ў 2-пакаёвую кватэру з усімі выгодамі. Зараз з ім жывуць яшчэ двое маладых людзей.
– Мне вельмі пашанцавала, бо трапіў у добры калектыў, ад работнікаў якога ніколі не чуў дрэннага слова ў свой адрас, – паведаміў малады чалавек. – Жывёлу люблю з дзяцінства, таму паважаю сваю работу… Ды і з жыллём пашанцавала, і з кватарантамі. У адміністрацыі гаспадаркі асаблівыя, можна нават сказаць – бацькоўскія, адносіны да маладых спецыялістаў, хоць я ўжо такім і не з’яўляюся…
Зараз Дзмітрый – студэнт чацвёртага курса Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Усё ідзе сваёй чаргой: тэорыя – практыка.
У свае маладыя гады (яму ўсяго толькі 22) Дзмітрый Касцюк заслужыў давер і павагу кіраўніцтва і калег. З такім стымулам, сур’ёзным поглядам на ўсе складаныя сітуацыі і жыццёвым крэда (дасягнуць сваіх мэтаў) у яго вялікае будучае ў прафесіі, з якой вырашыў звязаць свой шлях Айбаліта.

Наталля ГРЫЦУК
Фота Міколы ШУМА

Добавить комментарий