“Ад Яна да Івана – трансгранічныя культурныя мерапрыемствы” у Еўрарэгіёне “Белавежская пушча” – Нараўка-Камянец

6533З 1 чэрвеня 2014 года па 31 мая 2015 года на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь быў рэалізаваны мікрапраект “Ад Яна да Івана — трансгранічныя культурныя мерапрыемствы”, які фінансаваўся са сродкаў “Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013, у рамках партнёрскага праекта “Падтрымка трансгранічных ініцыятыў мясцовых супольнасцяў у Еўрарэгіёне “Белавежская пушча”.

Мэта гэтага праекта — устанаўленне і захаванне культурнай і гістарычнай дасведчанасці пра жыхароў першабытнага лесу — Белавежскай пушчы, а таксама развіццё народных звычаяў, звязаных з мовай і народнымі песнямі. Эфектыўнае супрацоўніцтва муніцыпалітэта Нараўкі ў Польшчы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Камянецкага раённага выканаўчага камітэта ў Беларусі садзейнічала дасягненню агульных мэтаў і ўмацаванню інтэграцыі на польска-беларускай мяжы.

На тэрыторыі Рэспублікі Польшча, згодна з планам мікрапраекта,на пачатку ліпеня адбыўся шэраг імпрэз, прысвечаных старажытнаму народнаму святу Купалле.

 11 ліпеня ў Нараўцы прайшоў першы дзень семінара-практыкума “Папулярызуем нашу спадчыну” ў Муніцыпальным Цэнтры культуры, падчас якога адбылася сустрэча народных калектываў Польшчы і Беларусі. Фальклорны калектыў “Нараўчанкі” з Нараўкі і “Цаглінкі” са Старога Ляўкова (гміна Нараўка), народны фальклорны калектыў “Орліца” Навіцкавіцкага СДК, а таксама жаночая вакальная група “Вечарынка” Відамлянскага СДК, дэманстравалі традыцыйныя для рэгіёну танцы і народныя песні, абменьваліся вопытам захавання і перадачы народных традыцый маладому пакаленню. Кульмінацыяй стала падрыхтоўка песень “Купалінка” і “Ноч Купалы”.

Другі дзень семінару, 12 ліпеня, быў прысвечаны майстар-класу па вырабу рытуальнага купальскага вянка. Увечары ў амфітэатры на рацэ Нараўка адбылася музычная вечарына — свята агню, вады, сонца і месяца, ураджаю, прыгажосці, радасці і кахання “У пошуках кветкі папараці — прэзентацыя абраду “Купальская ноч” у Нараўцы”, у рамках якога – шэсце да месца святкавання, канцэрт, выстава-кірмаш вырабаў народных майстроў, конкурс на “Лепшы Купальскі вянок”, “купальскае” вогнішча і феерверк.

У час свята гучалі  традыцыйныя купальскія песні, якія выконваліся польскімі і беларускімі калектывамі. Беларусь прадстаўлялі калектывы з Брэста, Пружанаў і вышэйназваныя калектывы Камянецкага раёна.

На тэрыторыі Камянецкага раёна у аг. Камянюкі, у рамках мікрапраекта “Ад Яна да Івана — трансгранічныя культурныя мерапрыемствы” з 22 па 31 жніўня праходзіў беларуска-польскі пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры. Мэтай пленэру з’яўлялася захаванне і папулярызацыя разьбярскіх традыцый на тэрыторыі прыгранічча.

На гасціннай Камянецкай зямлі сабраліся дзесяць майстроў, якіх яднае паміж сабой талент адкрываць схаваныя ў дрэве таямніцы. Пяцёра прыехалі з Польшчы: Віктар Кабац – з Гайнаўкі, Чэслаў Даніэль Ліпіян-Канюк – з Любліна, Радаслаў Мацей Какарэка і Аляксандр Гжыбек – з Беластока, Малгажата Мэер Краўчук – з Плянты-4 (гміна Нараўка). Былі, безумоўна, і рэзчыкі з Беларусі: наш зямляк, камянчанін, Анатоль Туркоў, Уладзімір Чыквін з Кобрына (яго малая радзіма – в.Дзмітровічы Камянецкага раёна), Мікалай Скляр з Гродна, Мікалай Задрэйка з Івянца і мінчанін Аляксандр Жураўлевіч. Усе яны актыўныя ўдзельнікі і заслужаныя дыпламанты шматлікіх конкурсаў, выстаў і пленэраў.

У першы дзень пленэру на тэрыторыі Камянюцкага Цэнтра рамёстваў і культуры, адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

Побач з будынкам Цэнтра размясціліся дзесяць прывезеных з векавечнай пушчы дубовых ствалоў. Па мясцовай традыцыі зрабіць сімвалічную першую зарубку даручылі старэйшаму з беларускіх разьбяроў Мікалаю Скляру, які лёгка справіўся з заданнем. На невялікай дошцы ўсе дзесяць майстроў пакінулі свае аўтографы і дату – гэты кавалак дрэва застаўся на памяць у Камянюках.

Дзесяць дзён рупліва працавалі таленавітыя майстры з Польшчы і Беларусі. Бразгаталі  бензапілы, стукалі  кіянкі, разляталіся стружкі дуба. Душэўная атмасфера, абмен вопытамі, вядома, жарты…

І вось – доўгачаканы момант… На свет з’явіліся новыя выявы і ўнікальныя формы, выдатныя драўляныя фігуры ад 2 да 3 метраў: майстрыха-ткаха Аляксандра Жураўлевіча, лірнік Анатоля Туркова, майстар, які выразае з дрэва папараць-кветку Мікалая Скляра, пара, што круціцца ў танцы Радаслава Мацея Какарэкі. Гэтыя скульптуры ўпрыгожылі тэрыторыю перад Цэнтрам рамёстваў і культуры.

У зоне адпачынку скульптуры філасофскага характару: смуткуючы анёл Віктара Кабаца, праца, навеяная казкай пра залатую рыбку, Аляксандра Гжыбека і скульптура, народжаная выявамі са сноў Чэслава Даніэля Ліпян-Канюка.

А пры ўездзе на тэрыторыю Цэнтра Уладзімір Чыквін і Мікалай Задрэйка ўсталявалі ўказальнік “Цэнтр рамёстваў” і інфармацыйную дошку для аб’яў. Усе скульптуры арганічна ўпісаліся ў прастору і адразу ж прыжыліся, сталі дастойным упрыгожваннем мястэчка Камянюкі.

А Малгажата Мэер Краўчук стварыла для Цэнтра рамёстваў і культуры пано, якое назвала “Беларуская мадонна”.

У апошні жнівеньскі дзень пленэр завяршыў сваю работу. 31 жніўня адбылося ўрачыстае закрыццё, удзельнікі атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.

Пленэр такога ўзроўню ў гісторыі Камянецкага краю адбыўся ўпершыню.

Туркоў Анатоль Савельевіч

Беларусь, г.Камянец (Брэсцкая вобласць)

 Майстар разьбы па дрэве, мастак, старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёну «Белавежская пушча» і Брэстчыны «ТУР», член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, член абласнога аб’яднання майстроў народнай творчасці «Скарб».

Нарадзіўся 1 кастрычніка 1949 года.

Мастацкай творчасцю займаецца з 1975 года. Пераможца Усесаюзнага конкурсу па афармленні раённых цэнтраў да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Міністэрства культуры і Саюза мастакоў СССР за афармленне устаноў культуры. У Рэспубліканскім конкурсе на лепшы беларускі сувенір, які праводзіўся па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта, Анатоль Туркоў заняў 3-е месца.

Удзельнік міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў, фестываляў, выстаў, майстар-класаў, пленэраў па жывапісе і паркавай скульптуры.

Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Канадзе, ЗША.

 Скляр Мікалай Сцяпанавіч

Беларусь, г. Гродна

 Член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, член Таварыства Польскіх мастакоў у Беларусі.

Нарадзіўся 8 мая 1949 года у вёсцы Лавы Чарнігаўскага раёна (Украіна). У 1968 годзе скончыў Кіеўскі мастацка-прамысловы тэхнікум па спецыяльнасці мастак-канструктар.

Жыве ў Гродне з 1968 года. Займаецца графікай, керамікай, але асноўны напрамак — скульптура.

Рэгулярна ўдзельнічае ў нацыянальных і міжнародных пленэрах у Літве, Латвіі, Польшчы і Беларусі. Мае багаты вопыт персанальных выстаў. Яго працы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Ізраіія, Даніі і Японіі. 

 Чыквін Уладзімір Мікалаевіч

Беларусь, г. Кобрын (Брэсцкая вобласць)

Майстар драўлянага посуду, разьбяр, графік і жывапісец, народны майстар Рэспублікі Беларусь, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза майстроў народнай творчасці.

Нарадзіўся 20 красавіка 1959 года. Разьбой па дрэве займаецца з 1975 года.

 Удзельнік і дыпламант шматлікіх конкурсаў, фестываляў, выстаў, пленэраў у Польшчы, Швецыі, Венесуэле, Індыі. Лаўрэат конкурсу разьбяроў па дрэве міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у 2005 годзе. Лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы беларускі сувенір» у 2011 годзе.

Яго працы прадстаўлены ў прыватных калекцыях у краінах блізкага і далёкага замежжа. Займаецца вывучэннем гісторыі паходжання і развіцця традыцыйнага драўлянага посуду.

Задрэйка Мікалай Вітольдавіч

Беларусь, г. Івянец (Мінская вобласць)

 Нарадзіўся 15 красавіка 1972 года.

Майстар разьбы па дрэве, выпускнік Бабруйскага вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сваёй любімай справай — разьбой – пачаў займацца яшчэ са школы.

Працуе метадыстам па мастацкай апрацоўцы дрэва ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. Акрамя дэкаратыўных работ, ён стварае садова-паркавую скульптуру. Творамі Мікалая ўпрыгожаны многія месцы ў Івянцы. Ён часты госць розных фестываляў, выстаў і пленэраў на тэрыторыі  Беларусі і Польшчы.

 Жураўлевіч Аляксандр Васільевіч

Беларусь, г. Мінск

 Нарадзіўся 28 жніўня 1968 года.

У 1987 годзе скончыў Бабруйскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці разьбяр па дрэве.

Прафесійны разьбяр, які валодае невычэрпнай фантазіяй, выдатным веданнем матэрыялу, адчуваннем прыгожага, стварае сапраўдныя творы мастацтва.

Асноўныя напрамкі творчай дзейнасці: садова-паркавая скульптура, рэльефнае пано, выраб бытавых рэчаў.

Аляксандр удзельнік шматлікіх персанальных і калектыўных выстаў, дыпламант конкурсаў і пленэраў рознага ўзроўню.

 Віктар Кабац

Польшча, Гайнаўка

Нарадзіўся 23 красавіка 1935 года.

Жывапісец, графік, разьбяр па дрэве, член Саюза польскіх мастакоў Беластоцкай акругі. Скончыў факультэт выяўленчых мастацтваў універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, аддзяленне жывапісу ў студыі Станіслава Барысаўскага. Асноўнай тэмай яго работ з’яўляецца Белавежская пушча.

Этнічны беларус, глыбока прывязаны да традыцый сваёй малой радзімы, эфектыўна папулярызуе творчасць маладога пакалення мастакоў і фатографаў, асабліва тых, хто ў працах падкрэслівае прыгажосць і асаблівасць рэгіёну «Белавежская пушча».

Актыўны ўдзельнік шматлікіх выстаў у Польшчы і па-за яе межамі, у тым ліку ў Чэхіі, Германіі, Беларусі. З’яўляецца ініцыятарам многіх калектыўных выстаў, жывапісных і скульптурных пленэраў. Па яго ініцыятыве і дзякуючы яго ўдзелу ў Гайнаўцы з’явілася не адна мастацкая галерэя.

 Чэслаў Даніэль Ліпіян-Канюк

Польшча, Люблін

 Нарадзіўся 3 студзеня 1954 года.

Скончыў Дзяржаўны ліцэй мастацкіх мастацтваў у Замасці, а таксама факультэт мастацтваў Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.

Займаецца творчай дзейнасцю ў сферы графікі, жывапісу, металапластыкі, разьбы па дрэве.

Актыўны ўдзельнік пленэраў жывапісцаў і разьбяроў па дрэве, калектыўных выстаў. На яго рахунку шэсць індывідуальных выстаў.

 

Радаслаў Мацей Какарэка

Польшча, Беласток

 Нарадзіўся 6 снежня 1964 года ў Беластоку.

Скончыў факультэт архітэктуры і дызайну Варшаўскага палітэхнічнага ўніверсітэта.

Захапляецца тэхнікай акварэльнага жывапісу і пастэльнага малюнка, працуе ў змешанай тэхніцы сухая пастэль-акварэль. Супрацоўнічае з многімі галерэямі ў Польшчы і Еўропе.

Пленэр на Камянеччыне — першы вопыт удзелу Радаслава Мацея ў пленэры разьбяроў па дрэве.

 Малгажата Мэер Краўчук

Польшча, Плянта 4 (гміна Нараўка)

 Нарадзілася 23 сакавіка 1942 года ў Роўна.

Займаецца рэльефнай разьбой па дрэве, роспісам па шкле і дрэве, вязаннем кручком, вышыўкай.

Галоўнай тэмай яе творчасці з’яўляюцца Падляшскія мадонны.

Актыўная ўдзельніца шматлікіх выстаў, кірмашоў і фестываляў на тэрыторыі Польшчы і Беларусі.

Аляксандр Гжыбек

Польшча, Беласток

 Нарадзіўся 3 кастрычніка 1953 года ў Беластоку, дзе жыве і працуе.

У 1979 годзе скончыў Інстытут Мастацкай адукацыі ў Любліне.

Займаецца ў асноўным жывапісам на палатне, паперы, драўлянай аснове.

Мае на сваім рахунку некалькі дзясяткаў выстаў. Прымаў удзел у многіх пленэрах рэгіянальных і міжнародных пленэрах.

Яго працы знаходзяцца ў фондах музеяў, а таксама ў прыватных калекцыях у краіне і за мяжой. Галоўнай тэмай яго творчасці з’яўляецца чалавек. Упершыню прыймаў удзел у пленэры манументальнай скульптуры, які праходзіў у рамках праекта на Камянецкай зямлі.

25 жніўня ў Камянюцкім Цэнтры рамёстваў і культуры прайшла сустрэча творчых калектываў Беларусі і Польшчы — беларуска-польскі семінар

“Фальклор роднага краю” ўдзельнікаў творчых калектываў Камянецкага раёна (народнага фальклорнага калектыву “Орліца”, вакальнай групы “Вечарынка”) і Польшчы (фальклорных калектываў “Цаглінкі” і “Нараўчанкі”).

Песні гучалі на дзвюх мовах, беларускай і польскай, і гэта яднала ўсіх, хто сабраўся ў зале.

Фальклорныя калектывы з Польшчы атрымалі ад беларускага боку падарункі на добрую памяць. Не абышлося, безумоўна, і без прэзентаў ад гасцей.

26 жніўня майстры-разьбяры і ўдзельнікі семінару пабывалі ў найпрыгажэйшай мясціне Беларусі і адной з самых папулярных выдатных мясцін краіны — Дзяржаўнай установе “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.

Удзельнікі мерапрыемстваў праекта раз’ехаліся, а напамінам пра іх у Камянюках засталіся драўляныя скульптуры “Жыццё, застылае ў дрэве…” і яркія ўражанні і эмоцыі. Шмат прыемных успамінаў засталося і ў майстроў-разьбяроў, і ва ўдзельнікаў калектываў, якія будуць з нецярплівасцю чакаць наступных сумесных імпрэз, таму што праект “Ад Яна да Івана — трансгранічныя культурныя мерапрыемствы” – гэта “глыток свежага паветра”, сапраўднае свята душы, якое многім беларусам і палякам дапамогло дакрануцца да чароўнага свету народнага мастацтва.

Метадыст па народнай творчасці і фальклору

аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі

Камянецкага райвыканкама

Таццяна Туркова

Добавить комментарий