“Агра-Зарэчча” бярэ рэванш

Ужо даўно адгрымелі валейP1100861больныя баталіі сярод мужчын, дзе перамогу атрымала каманда “Белавежскага”, выявілі мацнейшых юнакі і дзяўчаты (пераможцамі сталі прадстаўнікі СШ №1 г.Каменец). І вось, нарэшце, 17 сакавіка надышла пара выявіць чэмпіёнаў, а дакладней чэмпіёнак, па валейболу сярод жанчын.

Ні для каго не сакрэт, што жаночыя “разборкі” на валейбольным алімпе раёна не стракацяць разнастайнасцю каманд. Таму і праводзяцца фінальныя гульні адразу, без папярэдняга адбору. Вось і ў гэтым годзе нічога неардынарнага не адбылося – на турнір заявіліся толькі чатыры каманды. Сярод іх “Агра-Зарэчча”, “Усход-Каменец”, “Белавежскі”. Вядома, не абмінуў спаборніцтвы і леташні чэмпіён – “АграНіва”.

Галоўная барацьба за трафей, як і год таму, разгарнулася паміж ім і “Агра-Зарэччам”. (Маглі б умяшацца ў гэтую барацьбу і белавежцы, але, на жаль, пры даволі моцным атакуючым патэнцыяле не змаглі нават выйграць у галоўных канкурэнтак ніводнай партыі.). Менавіта вочная сустрэча гэтых каманд стала самым яркім момантам спаборніцтваў. Прыкладна роўныя па складу каманды (за адну гуляла маладосць, за другую – вопыт) “счапіліся” па-сапраўднаму. Паглядзець было на што. (Даўно ўжо не даводзілася бачыць сілавога валейболу на жаночым чэмпіянаце.) Барацьба напачатку ішла ачко ў ачко, а затым памаленьку “ніваўцы” пачалі адрывацца. І калі здавалася, што першая партыя ўжо выйграная… (Лік на табло быў 18:24 на карысць “АграНівы” – каб выйграць трэба забіць адзін мяч.)

Кажуць, адзін чалавек не можа вырашыць зыход усёй сустрэчы. Магчыма і так. Але развярнуць зыход адной партыі на 180 градусаў усё ж магчыма. Гэта дакладна. Калі Анастасія Іванюк (“Агра-Зарэчча”) выйшла падаваць, наўрад ці яна думала, што зможа пераламаць зыход партыі на сваю карысць. Тым не менш, менавіта яе падачы сталі адкрыццём для саперніц і прынеслі перамогу ў першым сэце. Другая партыя прайшла ў не менш упартай барацьбе. Але, як ні стараліся “ніваўцы”, усё ж вайскоўцы свой шанц не ўпусцілі і давялі матч да перамогі. Першая вікторыя “Агра-Зарэчча” за апошнія гады. І пачатак гэтых перамог паклалі жанчыны (Руслана Смірнова, Вольга Цандо, Таццяна Анісімава, Ганна Курыльчык, Анастасія Іванюк і Вікторыя Міранюк – на здымку). “АграНіва” – на другім месцы, “Белавежскі” – на трэцім. “Усход-Каменец” саступіў ва ўсіх сустрэчах і застаўся на чацвёртай пазіцыі.

* * *

У гэты ж дзень у Каменцы прайшлі чэмпіянаты раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і дартсе. У спаборніцтвах прынялі ўдзел па шэсць каманд.

У стральбе першае каманднае месца занялі прадстаўнікі “Белавежскага” (Павел Бурдзіла, Мікалай Цітоў і Аляксандра Лесік). Дарэчы, Мікалай таксама стаў пераможцам у асабістым заліку сярод мужчын. На другім камандным месцы “раскватэраваліся” стралкі з “АграНівы” (Вадзім Панасюк, Сяргей Ляўчук і Таццяна Перкавец), на трэцім – “Каменецрайгаза” (Яўгеній Ярмаловіч, Аляксандр Мушыц і Галіна Хват). Перамога Вікторыі Шаш (“Агра-Зарэчча”) у асабістым заліку сярод жанчын не дапамагла вайскоўцам узняцца вышэй за чацвёртае месца.

У дартсе камандную перамогу святкаваў дуэт “Каменецрайгаза” (Анатолій Дзмітрук, які выйграў у асабістым заліку, і Галіна Хват). На другім месцы – прадстаўнікі ААТ “Усход-Каменец” (Аркадзій Мінасян і Кацярына Анішчук), на трэцім – “Белавежскага” (Васілій Лесік і Аксана Васеха, якая перамагла ў асабістым заліку).

Усе каманды-прызёры адзначаны граматамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, у асабістым заліку ў спаборніцтвах па стральбе прызёры атрымалі граматы Камянецка-Жабінкаўскай міжраённай аргструктуры ДТСААФ. Таксама пераможцы спаборніцтваў у асабістым заліку (дартс і стральба) і пераможца валейбольнага турніру, каманда “Агра-Зарэчча”, атрымалі грашовыя прэміі.

 

* * *

Напярэдадні, 16 сакавіка, у Брэсце прайшло адкрытае першынство ДЮСШ “Прыбужжа” Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1996-1997 і 1998-1999 гадоў нараджэння. Завіталі на гэты спартыўны форум і прадстаўнікі Камянеччыны: 16 выхаванцаў СДЮШАР “Пушча” выступілі ў бегавых дысцыплінах, скачках у даўжыню, штурханні ядра, кіданнях дыска і кап’я. Найбольш удала выступілі лёгкаатлеты з Расны, якіх трэніруе Іван Драпун. Так, у бегу на 800 м Андрэй Мельнік (2 мін. 25 сек.) і Андрэй Ярашук (2 мін. 10,2 сек) занялі першыя месцы. У кіданні кап’я перамогу святкаваў Павел Клімук (45,70 м). Шасцідзесяцімятроўку хутчэй за ўсіх пераадолеў Раман Дзехцярэнка (7,1 сек.) і выканаў нарматыў першага разраду. Таксама ў Рамана першае месца ў скачках у даўжыню (6,0 м). У гэтай жа дысцыпліне вызначыўся і Андрэй Ярашук (5,87 м), у яго трэці вынік. Выхаванец Сяргея Шчасюка Сцяпан Семянчук у бегу на 60 м (7,4 сек) выйграў спаборніцтвы і выканаў нарматыў другога разраду. У кіданні дыска парадавалі Ілья Фісюк (29,79 м – другое месца), і Вікторыя Грыб (14,18 м – трэцяе). Трэніруюць спартсменаў Яўгеній Касцючык і Алег Кірылюк адпаведна. Яшчэ адна выхаванка Яўгенія Касцючыка Алёна Мурына ў штурханні ядра з вынікам 11,59 м стала другой.

 

* * *

15-16 сакавіка ў Баранавічах на спартакіядзе Брэсцкай вобласці сярод ДЮСШ, СДЮШАР мацнейшых выяўлялі дзюдаісты 1998-1999 і 1995-1996 гадоў нараджэння. Сярод дзяўчат вызначылася вучаніца Сярэдняй Школы №1 г.Каменец Марыя Кавальчук. У вагавай катэгорыі 57 кг яна заняла першае месца. Такі ж вынік і ў Артура Гаўрылаўца (73 кг) з СШ №2 г.Каменец. У прадстаўнікоў гэтай жа школы Станіслава Гумбатава (73 кг) і Аляксандра Самасюка (60 кг) – трэцяе месца. Яшчэ адзін вучань СШ №1 г.Каменец Андрэй Міхальчук (90 кг) стаў другім. Трэніруюць спартсменаў, якія займаюцца дзюдо ў СДЮШАР “Пушча”, Чыназ Цяміраў і Рыгор Маеўскі.

Сяргей АЛЯШЧЭНЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий