Аграном, што марыў аб футболе

Апошнім часам часта можна пачуць, што сучасная моладзь у большасці – гэта гультаі. Але такога ніяк нельга сказаць пра галоўнага агранома СВК “Агра-Ніва” Віталія Гарчука, які прыйшоў сюды крыху больш за два гады таму.

Нарадзіўся малады чалавек на Украіне. Калі яму было чатыры гады, сям’я пераехала ў пасёлак Белавежскі. Хлопчык з дзяцінства займаўся спортам і марыў аб тым, што стане вядомым футбалістам. Але ўсё вырашылася па-іншаму. Калі быў у старэйшых класах, то класны кіраўнік часта гаварыла аб тым, што краіне патрэбны маладыя, таленавітыя людзі ў сельскай гаспадарцы. І тады Віталій вырашыў, што спорт для яго застанецца захапленнем, а вось далейшае жыццё ён звяжа з зямлёй.

Пасля паспяховага заканчэння ў 2005 годзе школы, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Пасля заканчэння па размеркаванні прыйшоў працаваць спецыялістам па кормавытворчасці ў СВК “Агра-Ніва”. Але Віталій атрымаў павестку ў раённы камісарыят і цэлы год выконваў свой воінскі абавязак перад радзімай у адной з часцей Брэста. За гэты час планы не змяніў: пасля службы адразу вярнуўся назад у  гаспадарку, на тую ж пасаду. А 11 лістапада мінулага года атрымаў новую – галоўнага агранома.

Фронт работы маладога чалавека – 8200 гектараў зямель, за якімі патрэбна прыглядаць круглы год. Безумоўна, зіма – пара, калі адпачывае не толькі большасць працаўнікоў сельскай гаспадаркі, але і зямля.

Падчас масавай уборкі дзень маладога агранома, як і многіх спецыялістаў, пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а вось заканчваецца, бывае, пасля адзінаццаці вечара. “Гэта не страшна. Галоўнае, паспець сабраць ураджай да дажджу”, – зазначыў Віталій.

Толькі вось што турбуе маладога агранома: вельмі рэдка апошнім часам ён бачыць сваю маці, якая для яго – самы галоўны чалавек. Ды і сябры скардзяцца на тое, што Віталія пастаянна няма дома. Але нічога не паробіш – работа такая…

Вось які ён, галоўны аграном СВК “Агра-Ніва”. Праз некалькі дзён Віталію Гарчуку споўніцца 25, пажадаем яму здароўя і поспехаў, а ўсё астатняе прыйдзе само па сабе.

Наталля ГРЫЦУК.

Добавить комментарий